БЫЦЦЁ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 17 1 І было Абраму дзевяноста дзевяць гадоў. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны. 2 І Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі, вельмі». 3 І ўпаў Абрам на аблічча сваё, а Бог прамовіў да яго, кажучы: 4 «Я [ёсьць], вось запавет Мой з табою, і ты будзеш бацькам мноства народаў. 5 І ўжо ня будзе звацца імя тваё Абрам, але будзе імя тваё Абрагам, бо Я паставіў цябе бацькам мноства народаў. 6 І Я павялічу цябе вельмі, вельмі, і выведу з цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе валадары. 7 І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і насеньнем тваім пасьля цябе ў пакаленьнях іхніх як запавет вечны, што Я буду Богам тваім і насеньня твайго пасьля цябе. 8 І Я дам табе і насеньню твайму пасьля цябе зямлю вандраваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам». 9 І сказаў Бог Абрагаму: «А ты захоўвай запавет Мой, ты і насеньне тваё пасьля цябе ў пакаленьнях сваіх. 10 Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і насеньнем тваім пасьля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду. 11 І вы будзеце абразаць цела скуравінкі вашай, і будзе гэта на знак запавету паміж Мною і вамі. 12 У восьмы дзень ад нараджэньня няхай будзе абрэзаны ў вас кожны мужчынскага роду ў пакаленьнях вашых, народжаны ў доме або куплены за грошы ў кожнага чужынца, які ня ёсьць з насеньня твайго. 13 Мае быць абрэзаны і народжаны ў доме тваім, і куплены за срэбра тваё; і будзе запавет Мой на целе вашым як запавет вечны. 14 А неабрэзаны мужчынскага роду, які не абрэжа цела скуравінкі сваёй, няхай будзе вынішчана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой». 15 І сказаў Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш зваць імя яе Сарай, але Сара будзе імя яе. 16 І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. І Я дабраслаўлю яе, і стануцца з яе народы, і валадары народаў будуць з яе». 17 І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і засьмяяўся, і сказаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму народзіцца хто? І ці Сара, дзевяностагадовая, можа нарадзіць?» 18 І сказаў Абрагам Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!» 19 І сказаў Бог: «Але Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя ягонае Ісаак; і Я заключу запавет Мой з ім як запавет вечны і з насеньнем яго пасьля яго. 20 І адносна Ізмаэля Я пачуў цябе. Вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і памножу яго вельмі, вельмі; ён народзіць дванаццаць князёў, і Я зраблю яго народам вялікім. 21 Але запавет Мой Я заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты самы час у наступным годзе». 22 І скончыў прамаўляць да яго, і ўзьняўся Бог ад Абрагама. 23 І ўзяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім, і ўсіх купленых за срэбра сваё, усіх мужчынскага роду з дому Абрагама, і абрэзаў цела скуравінкі іхняй у той самы дзень, калі прамаўляў да яго Бог. 24 Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абрэзаў цела скуравінкі сваёй, 25 а Ізмаэль, сын ягоны, меў трынаццаць гадоў, калі было абрэзана цела скуравінкі ягонай. 26 У той самы дзень былі абрэзаны Абрагам і Ізмаэль, сын ягоны. 27 І ўсе мужчыны дому ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў чужынцаў, былі абрэзаныя з ім. |