Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Бц 14

1 І сталася ў дні Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму,

2 пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садому, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіму, і валадара Бэлі або Цаару.

3 Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна [цяпер] Мора Салёнае.

4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся.

5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,

6 і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.

7 І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які [цяпер] Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары.

8 І выйшаў валадар Садому, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіму, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою

9 з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці.

10 І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садому і Гаморы, і ўпалі ў тыя [ямы], а астатнія ўцяклі на гару.

11 І ўзялі [пераможцы] ўсю маёмасьць Садому і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі.

12 І ўзялі яны Лота, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме.

13 І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.

14 І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васямнаццаць спраўных [слугаў] сваіх, народжаных у доме яго, і рушыў у пагоню аж пад Дан.

15 І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску.

16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лота, брата свайго, і маёмасьць ягоную, і жанчынаў, і народ.

17 І выйшаў валадар Садому насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна [цяпер] даліна Валадарская.

18 І Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага,

19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі.

20 І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму [Абрам] дзесяціну з усяго.

21 І сказаў валадар Садому Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».

22 І сказаў Абрам валадару Садому: «Узьнімаю руку маю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі,

23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”,

24 акрамя таго, што зьелі юнакі, і акрамя часткі для людзей, якія хадзілі са мною. Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю».

Сачыце за намі:



Аб'явы