АСІІ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ос 9 1 Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату [распусьніцы] на кожным току збожжа. 2 Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх. 3 Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае. 4 Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. [Гэта] будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА. 5 Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА? 6 Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх. 7 Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці [да Бога]. 8 Прарок, [які быў] вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, [стаўся] пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага. 9 Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. [Бог] будзе памятаць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія. 10 Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку [ўраджаю] яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі. 11 Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; [ня будзе] ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця. 12 Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх! 13 Эфраім, як Я бачыў, [падобны] да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх. 14 «Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!» 15 Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі. 16 Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга. 17 Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі. |