Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АСІІ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ос 12

1 Эфраім пасьвіць вецер і гоніцца за ветрам усходнім. Увесь дзень ён памнажае хлусьню і спусташэньне, і заключае запавет з Асірыяй, і выносіць алей у Эгіпет.

2 ГОСПАД мае справу судовую з Юдам і пакарае Якуба паводле шляхоў ягоных, паводле ўчынкаў ягоных верне [адплату] яму.

3 Яшчэ ва ўлоньні ён ухапіў за пяту брата свайго і сілаю сваёю змагаўся з Богам.

4 І змагаўся ён з анёлам, і перамог. Плакаў і прасіў ласкі ў Яго, у Бэтэлі знайшоў Яго, і там Ён размаўляў з намі.

5 Гэта ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, ГОСПАД — памятнае [імя] Ягонае.

6 А ты вярніся да Бога твайго, захоўвай міласэрнасьць і суд, і заўсёды чакай на Бога твайго.

7 Ханаан у руцэ сваёй мае вагі фальшывыя, любіць прыгнёт.

8 І сказаў Эфраім: «Але я ўзбагаціўся, знайшоў сілу для сябе. У-ва ўсіх высілках маіх ня знойдзена ў-ва мне няправасьці, якая б была грахом».

9 Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай. І Я зноў вярну цябе ў намёты, як у дні спатканьня [са Мною].

10 І Я прамаўляў да прарокаў, і Я памнажаў відзежы, і праз прарокаў даваў прыповесьці.

11 Калі ў Гілеадзе няправасьць, станецца [ўсё] марнотаю; [дарэмна] ў Гільгале валоў складаюць у ахвяру. Ахвярнікі іхнія — як крушня на разараным полі.

12 І ўцёк Якуб на палі Араму, і служыў Ізраіль за жонку, і за жонку пільнаваў [статак].

13 І праз прарока ГОСПАД вывеў Ізраіля з Эгіпту, і праз прарока Ён захоўваў яго.

14 Але Эфраім упарта раздражняў [Бога], і Ён пакінуў на ім кроў ягоную, і ганьбу ягоную верне яму Госпад ягоны.

Сачыце за намі:



Аб'явы