АМОСА 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ам 8 1 Гэта Госпад ГОСПАД паказаў мне. І вось, кош з летняй [садавінай]. 2 І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Кош з летняй [садавінай]». І сказаў ГОСПАД мне: «Канец прыйшоў народу Майму Ізраілю, і ўжо больш не прайду каля іх. 3 І будуць галасіць [замест] сьпеваў сьвятыні ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД; шмат будзе трупаў на кожным месцы, і кінуць іх моўчкі». 4 Паслухайце гэта вы, якія топчаце ўбогага і вынішчаеце ўцісканых зямлі, 5 кажучы: «Калі міне маладзік, будзем продаць збожжа; і ў суботу адчынім [сьвірны] са збожжам і зьменшым эфу, і павялічым [цану] сыкля, і будзем абважваць на шалях падманлівых, 6 каб купляць бедных за срэбра і ўбогага — за [пару] сандалаў, і продаць высеўкі збожжа». 7 Прысягнуў ГОСПАД на гонар Якуба: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхніх! 8 Ці не захістаецца ад гэтага зямля? Ці не залямантуе кожны, хто жыве на ёй? І яна ўздымаецца як рака, і ўсхвалюецца, і затопіць, як рака Эгіпецкая». 9 І станецца ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД, што Я зраблю заход сонца апоўдні, і зацямню зямлю сярод яснага дня, 10 і перамяню сьвяты вашыя ў жалобу і ўсе сьпевы вашыя — у галашэньне, і ўскладу на ўсе сьцёгны зрэбніцу, і на кожную галаву — лысіну, і зраблю гэта, як жалобу па адзіным [сыне], і канец гэтага — як дзень горычы. 11 Вось, прыходзяць дні, кажа Госпад ГОСПАД, і Я пашлю голад на зямлю, ня голад хлеба, і ня смагу вады, але [голад], каб слухаць словы ГОСПАДА. 12 І будуць бадзяцца ад мора да мора, і з поўначы на ўсход будуць кружляць, шукаючы слова ГОСПАДА, і ня знойдуць. 13 У той дзень будуць млець прыгожыя дзяўчаты і хлопцы. 14 Тыя, якія прысягаюць на правіну Самарыі і кажуць: “Няхай жыве бог твой, Дане!” і “Няхай жыве шлях у Бээр-Шэву!”, упадуць і больш ня ўстануць. |