Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АМОСА 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ам 2

1 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Мааву, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён спаліў на вапну косткі валадара Эдому.

2 І Я спашлю агонь на Мааў, і ён зжарэ палацы Керыёта, і памрэ Мааў сярод галасу, крыку і голасу трубы.

3 І Я вынішчу судзьдзю спасярод яго, і заб’ю ўсіх князёў ягоных з ім, кажа ГОСПАД”.

4 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Законам ГОСПАДА і не захоўвалі прыказаньні Ягоныя, і зьвяла іх хлусьня іхняя, за якой пайшлі бацькі іхнія.

5 І Я спашлю агонь на Юду, і ён зжарэ палацы Ерусаліму”.

6 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Ізраіля, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны продалі за срэбра праведніка, і ўбогага — за [пару] сандалаў.

7 Яны топчуць у пыле зямным галаву бедных, і шлях уцісканых выкрыўляюць; і мужчына, і бацька ягоны ходзяць да [адной] дзяўчыны, і гэтым зьневажаюць імя Маё сьвятое.

8 На адзеньні, узятым у заклад, кладуцца яны каля ўсіх ахвярнікаў, і віно засуджаных п’юць у доме Бога свайго.

9 А Я зьнішчыў Амарэйца перад абліччам іхнім, вышыня якога была, як вышыня кед­раў, і яны былі моцныя, як дубы. А Я зьнішчыў плод ягоны ўгары і карані ягоныя ўнізе.

10 І Я вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, і вадзіў вас сорак гадоў па пустыні, каб вы ўзялі ў спадчыну зямлю Амарэйца.

11 І Я паставіў з сыноў вашых прарокаў і з юнакоў вашых — назіраў. Хіба ня так было, сыны Ізраіля? — кажа ГОСПАД.

12 А вы паілі назіраў віном і загадвалі прарокам, кажучы: “Не прарочце!”

13 Вось, Я націсну на вас, як цісне воз, поўны снапоў.

14 І загіне, не ўцячэ спрытны, і дужы ня будзе моцны моцай сваёй, і волат ня выратуе душу сваю.

15 Той, які страляе з луку, ня будзе стаяць, і спрытны ў нагах сваіх не ўратуецца, і коньнік ня выратуе душу сваю.

16 І адважны сэрцам сваім сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень, кажа ГОСПАД.

Сачыце за намі:



Аб'явы