АМОСА 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ам 1 1 Словы Амоса, што быў [адным] з гадоўцаў авечак у Тэкоа, якія ён бачыў пра Ізраіль у дні Узіі, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля, два [гады] перад землятрусам. 2 І ён сказаў: «ГОСПАД зарыкае з Сыёну і дасьць голас Свой з Ерусаліму, і сялібы пастухоў будуць у жалобе, і высахне вяршыня Кармэлю. 3 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Дамаску, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны малацілі Гілеад зубцамі жалезнымі. 4 І Я спашлю агонь на дом Хазаэля, і ён зжарэ палацы Бэн-Гадада. 5 І Я разаб’ю засаўкі Дамаску, і вынішчу жыхароў з даліны Авэн і таго, хто трымае скіпетр у Бэт-Эдэне, і народ Сірыі пойдзе ў палон да Кіра, кажа ГОСПАД”. 6 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Газы, нават за чатыры, не дарую ёй, бо яны ўсіх чыста бралі ў палон паланеньнем, каб выдаць іх Эдому. 7 І Я спашлю агонь на муры Газы, і ён зжарэ палацы ейныя. 8 І Я вынішчу жыхароў Ашдоду і таго, хто трымае скіпетр у Ашкелоне, і павярну руку Маю на Экрон, і загіне рэшта Філістынцаў, кажа Госпад ГОСПАД”. 9 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Тыру, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны перадалі іх усіх чыста паланеньнем Эдому і ня памяталі запавету братэрскага. 10 І Я спашлю агонь на муры Тыру, і ён зжарэ палацы ягоныя”. 11 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Эдому, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён перасьледаваў мячом брата свайго, утаймаваў спагадлівасьць сваю, і няспынна разьдзіраў [яго] ў гневе сваім, і лютасьць ягоная трывала заўсёды. 12 І Я спашлю агонь на Тэман, і ён зжарэ палацы Боцры”. 13 Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Амона, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны распорвалі цяжарных у Гілеадзе, каб пашырыць межы свае. 14 І Я распалю агонь на мурах Раббы, і ён зжарэ палацы ейныя сярод крыку ў дзень бітвы, сярод віхуры ў дзень буры. 15 І валадар іхні пойдзе ў палон, ён і князі ягоныя разам [з ім], кажа ГОСПАД”. |