АДКРЫЦЦЁ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Адкр 16 1 І пачуў я голас вялікі з бажніцы, які казаў да сямі анёлаў: «Ідзіце і выліце чары ярасьці Божай на зямлю». 2 І пайшоў першы, і выліў чару сваю на зямлю, і сталіся благія і балючыя скулы ў людзей, якія мелі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. 3 І другі анёл выліў чару сваю ў мора, і сталася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры. 4 І трэці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў, і сталася кроў. 5 І пачуў я анёла водаў, які казаў: «Праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць, і Які быў, і Сьвяты, што прысудзіў гэтак, 6 бо кроў сьвятых і прарокаў яны вылілі, і кроў Ты даў ім піць, бо яны вартыя гэтага». 7 І пачуў я іншага, які казаў з ахвярніку: «Так, Госпадзе, Божа Ўсеўладны, слушныя і праведныя суды Твае». 8 І чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца, і дадзена яму паліць людзей у агні. 9 І паліла людзей вялікая сьпёка, і блюзьнілі яны на імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб даць Яму славу. 10 І пяты анёл выліў чару сваю на пасад зьвера, і сталася, што валадарства ягонае зацемрылася, і яны кусалі языкі свае ад болю 11 і блюзьнілі на Бога Нябеснага дзеля болю свайго і скулаў сваіх, і не навярнуліся ад справаў сваіх. 12 І шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат, і высахла вада ў ёй, каб падрыхтаваны быў шлях для валадароў, што ад усходу сонца. 13 І ўбачыў я: з вуснаў цмока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў фальшывага прарока [выйшлі] тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў, 14 бо гэта — духі дэманаў, якія чыняць знакі, якія зыходзяць на валадароў зямлі і ўсяго сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Усеўладнага. 15 «Вось, прыходжу, як злодзей. Шчасьлівы той, які чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым, і каб ня бачылі непрыстойнасьці ягонай». 16 І сабраў ён іх у месцы, якое па-гебрайску называецца Армагедон. 17 І сёмы анёл выліў чару сваю на паветра, і выйшаў голас вялікі з бажніцы нябеснай, ад пасаду, які казаў: «Сталася!» 18 І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі! 19 І распаўся горад вялікі на тры часткі, і гарады паганаў заваліліся; і Бабілон вялікі быў узгаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна ярасьці гневу Ягонага. 20 І кожны востраў уцёк, і гары не знайшлося. 21 І град вялікі, як таленты, зыйшоў з неба на людзей, і блюзьнілі людзі на Бога за плягу граду, бо вельмі вялікая была пляга гэтая. |