ІСУСА 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ег 5 1 Калі ўсе валадары Амарэйцаў, якія жылі за Ярданам на захад, і ўсе валадары Ханаану, якія жылі ўздоўж мора, пачулі, што ГОСПАД высушыў воды Ярдану перад сынамі Ізраіля, аж пакуль яны пераправіліся, дык аслабела ў іх сэрца і страцілі яны адвагу перад сынамі Ізраіля. 2 У той час сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Зрабі сабе нажы каменныя і абрэж сыноў Ізраіля другі раз». 3 І зрабіў ён нажы каменныя, і абрэзаў сыноў Ізраіля на ўзгорку Аралёт. 4 Такая вось прычына другога абразаньня: увесь народ, які выйшаў з Эгіпту, мужчынскага роду, усе ваяры памерлі, вандруючы па пустыні, 5 а яны ўсе былі абрэзаны. Народ жа, які нарадзіўся ў пустыні, ня быў абрэзаны. 6 Сорак гадоў блукалі сыны Ізраіля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Эгіпту, якія не паслухаліся голасу ГОСПАДА і якім Ён запрысяг, што не пакажа ім зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. 7 Сыны іхнія, якія сталі на месца бацькоў, былі абрэзаны Егошуам, бо яны пасьля нараджэньня свайго не былі абрэзаны, і ніхто іх у дарозе не абразаў. 8 Калі ўжо ўсе былі абрэзаны, заставаліся ў тым самым месцы табарам, пакуль не паздаравелі. 9 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Сёньня зьняў Я з вас ганьбу Эгіпецкую». І названае імя месца гэтага Гільгал да сёньняшняга дня. 10 І стаялі табарам сыны Ізраіля ў Гільгале, і ў чатырнаццаты дзень месяца сьвяткавалі Пасху вечарам на раўнінах Ерыхонскіх. 11 А на другі дзень Пасхі елі плады той зямлі, праснакі і зерне пражанае. 12 Манна спынілася ад другога дня, калі пачалі есьці плады той зямлі. І ня елі ўжо манны сыны Ізраіля, а харчаваліся ў той год пладамі зямлі Ханаан. 13 Калі Егошуа быў на полі каля гораду Ерыхону, ён узьняў вочы і ўбачыў, і вось, муж стаіць насупраць яго і меч аголены ў руцэ ягонай. І падыйшоў Егошуа да яго, і спытаўся: «Ці ты на нашым [баку], ці на баку ворагаў нашых?» 14 Ён адказаў: «Не. Я — князь войска ГОСПАДА, і вось Я прыйшоў». І Егошуа ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся яму, і сказаў яму: «Што прамовіць Госпад мой да слугі Свайго?» 15 Князь войска ГОСПАДА сказаў Егошуа: «Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — сьвятое». І Егошуа зрабіў так. |