ІСУСА 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ег 3 1 І вось Егошуа, рана раніцай устаўшы, падняў табар. Выйшаўшы з Шыттыму, прыйшлі яны да Ярдану, ён і ўсе сыны Ізраіля, і затрымаліся там перад пераправай. 2 Праз тры дні прайшлі начальнікі праз табар 3 і далі загад народу: «Калі ўбачыце Каўчэг Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і сьвятароў з роду Левія, якія нясуць яго, вы, устаўшы, ідзіце за ім. 4 Няхай паміж вамі і Каўчэгам будзе прастора каля двух тысячаў локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якім шляхам ісьці, бо раней вы гэтым шляхам не хадзілі». 5 І сказаў Егошуа народу: «Асьвяціцеся! Бо заўтра выявіць ГОСПАД пасярод вас цуды». 6 І сказаў сьвятарам: «Вазьміце Каўчэг Запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам. 7 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Сёньня Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраілем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду з табой. 8 Ты ж загадай сьвятарам, якія нясуць Каўчэг Запавету і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг Ярдану, станеце ў Ярдане!”» 9 І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Падыйдзіце сюды і паслухайце словы ГОСПАДА, Бога вашага». 10 І зноў казаў Егошуа: «З гэтага вы пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што, праганяючы, Ён прагоніць Хананейцаў, Хетаў, Хівеяў, Пэрэзэяў, Гіргашэяў, Амарэйцаў і Евусэяў. 11 Вось, Каўчэг Запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан. 12 І вазьміце дванаццаць мужчынаў з каленаў Ізраіля, па адным з кожнага калена. 13 Як толькі стопы ног сьвятароў, што нясуць Каўчэг ГОСПАДА, Госпада ўсёй зямлі, будуць у водах Ярдану, воды разьдзеляцца, і тыя, што цякуць з гор, стануць сьцяною». 14 І калі народ вырушыў з намётаў сваіх, каб пераправіцца праз Ярдан, сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету, ішлі перад народам. 15 І заледзь прыйшлі яны да Ярдану, і ногі сьвятароў, якія несьлі Каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва падымаецца аж да берагоў, — 16 вада, што цякла зьверху, затрымалася і стала сьцяной на вялікім прасторы ад гораду Адама, які побач з Цартанам, а тая, што цякла ў мора Арабы, значыць у Мора Салёнае, сьцякала, аж зусім счэзла. 17 І народ пераходзіў каля Ерыхону, а сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдану цьвёрдаю нагою, аж пакуль увесь народ пераходзіў праз Ярдан. |