Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 50 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 50

1 Гэта кажа ГОСПАД: «Дзе ліст разводны маці вашай, з якім Я адаслаў яе? Або хто пазыкадавец Мой, якому Я прадаў вас? Вось, за правіны вашыя былі вы прададзеныя, і за злачынствы вашыя адасланая маці вашая.

2 Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ні­хто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.

3 Я апранаю ў цемру неба і зрэбніцу раблю пакрыцьцём ягоным».

4 Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань.

5 Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад.

6 Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня.

7 Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе.

8 Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма [насупраць] разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне.

9 Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх.

10 Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго.

11 Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.

Сачыце за намі:



Аб'явы