ІСАІ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 4 1 І схопяць сем жанчынаў аднаго мужчыну ў той дзень, кажучы: «Хлеб свой будзем есьці і адзеньне сваё будзем апранаць. Дазволь толькі насіць нам імя тваё, здымі ганьбу нашую». 2 У той дзень Парастак ГОСПАДА будзе красою і славаю, а плод зямлі — гонарам і ўслаўленьнем для тых, якія застануцца ў Ізраілі. 3 І станецца, што той, хто застаўся на Сыёне і хто пакінуты ў Ерусаліме, будзе названы сьвятым, кожны, хто запісаны, каб жыць у Ерусаліме, 4 калі Госпад абмые бруд дочак Сыёну і ачысьціць Ерусалім ад крыві з сярэдзіны ягонай подыхам суду і подыхам ачышчэньня. 5 І створыць ГОСПАД на ўсім абшары гары Сыён і на месцы сходу воблака ўдзень, а дым і бляск полымя агню — уначы, бо над усім будзе слава [Госпада] як заслона, 6 і як намёт, каб даць цень ад сьпёкі ўдзень і прыбежышча і сховішча ад навальніцы і дажджу. |