Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 3

1 Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, забярэ ў Ерусаліма і ў Юды моц і падпору, усю падпору хлеба і ўсю падпору вады,

2 волата і ваяра, судзь­дзю і прарока, прадказальніка і старосту,

3 пяцідзясятніка і магната, радніка і мудрага ў мастацтве, і здольнага ў загаворваньні.

4 І дам ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі.

5 І ў народзе адзін будзе ўціскаць другога, і кожны — бліжняга свайго; юнак будзе зьневажаць старога, і нікчэмны — паважанага.

6 Тады схопіць чалавек брата свайго ў доме бацькі свайго [і скажа:] «Ты маеш адзеньне, дык будзь кіраўніком нашым, і няхай будуць руіны гэтыя пад рукой тваёй».

7 [А той] падымецца ў дзень той, кажучы: «Не магу перавязаць раны, і ў доме маім няма ані хлеба, ані адзеньня. Ня стаўце мяне кіраўніком народу».

8 Бо спатыкаецца Ерусалім, і Юда падае, бо язык іхні і ўчынкі іхнія — супраць ГОСПАДА, яны бунтуюцца ў вачах славы Ягонай.

9 Выраз аблічча іхняга сьведчыць супраць іх, як Садом выяўляюць яны грэх свой і не хаваюць [яго]. Гора душы іхняй, бо яны самі сабе рыхтуюць зло.

10 Скажыце праведніку, што будзе добра яму, бо ён будзе спажываць плод учынкаў сваіх.

11 А ліхотніку — гора, бо ён [атрымае] ліха, бо адплата яму будзе паводле [ўчынкаў] рук ягоных.

12 Народзе Мой, немаўля цябе крыўдзіць, а жанчыны над табой пануюць. Народзе Мой, правадыры твае ашукваюць цябе і шлях сьцежкі тваёй блытаюць.

13 Падняўся ГОСПАД, каб праводзіць суд, і стаіць, каб судзіць народы.

14 ГОСПАД ідзе на суд старшыняў народу Свайго і князёў ягоных: «Гэта вы спустошылі вінаграднікі, і зрабаванае ў беднага — у дамах вашых.

15 Якім правам вы ўціскаеце народ Мой і засмучаеце абліччы ўбогіх? — кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».

16 І сказаў ГОСПАД: «За тое, што дочкі Сыёну заганарыліся і, выцягваючы, выцягваюць шыю, і міргаюць вачыма, крочаць дробнымі крокамі і зьві­няць бранзалетамі на нагах сваіх,

17 Госпад зробіць, што лысымі стануць галовы дачок Сыёну, і ГОСПАД аголіць сорам іхні.

18 У той дзень паскідае Госпад аздобу бранзалетаў, і зорачкі, і паўмесяцы,

19 кольцы, нараменьнікі і вэлюмы,

20 дыядэмы і ланцужкі на нагах, і стужкі, і бутэлечкі з пахошчамі, і амулеты,

21 пярсьцёнкі і колцы для носу,

22 выкшталцоныя сукенкі і накідкі, шалі і торбачкі,

23 і люстэркі, і ценькую бялізну, абвіцьці і лёгкія сукенкі.

24 І станецца замест прыемных пахаў — смурод, замест поясу — вяроўка, замест учасаных валасоў — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — ганьба.

25 Мужчыны твае пагінуць ад мяча, і рыцары твае — на вайне.

26 І загалосяць, і жалобай апрануцца брамы ейныя, і будзе яна спустошаная, і сядзе на зямлі.

Сачыце за намі:



Аб'явы