Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 21

1 Цяжар адносна пустыні прыморскай. Як буры налятаюць на Нэгеў, так [вораг] прыходзіць з пустыні, з зямлі страшнай.

2 Відзеж грозны зьяўлены мне. Ліхадзей ліхадзейнічае, спусташальнік пустошыць. Элям, выходзь! Мадай, бяры ў аблогу! Усім стагнаньням Я пакладу канец.

3 Дзеля гэтага дрыжаньнем напоўніліся сьцёгны мае, ахапілі мяне болі, як болі той, што нараджае. Я агаломшаны ад таго, што чую, і ў трымценьні ад таго, што бачу.

4 Трымціць сэрца маё, трывога ахапіла мяне, прыцемкі, жаданыя мною, сталіся жудасьцю для мяне.

5 Накрываюць стол, засьцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. «Падыміцеся, князі! Памажце шчыт!»

6 Бо гэтак сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, каб паведаміў, што ўбачыць.

7 Калі ўбачыць ён калясьніцы, вершнікаў па два, аслоў з вазамі, вярблюдаў з вазамі, няхай сочыць з увагай, з вялікай увагай!»

8 І ён закрычаў, [як] леў: «На вежы, Госпадзе мой, я стаю заўжды ўдзень, на варце маёй я стаю кожную ноч.

9 І вось, едуць калясьніцы, вершнікі на конях па два. І адказаў [адзін], і сказаў: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе выявы багоў ягоных [ляжаць] на зямлі пабітыя”».

10 [Народзе] мой, вымалачаны, сын току майго! Тое, што я пачуў ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога Ізраіля, я паведаміў вам!

11 Цяжар адносна Думы. Да мяне крычаць з Сэіру: «Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы? Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы?»

12 Сказаў вартаўнік: «Прыходзіць раніца, але яшчэ ноч. Калі вы хочаце спытацца, пытайцеся, вяртайцеся, прыходзьце!»

13 Цяжар адносна Арабіі. У лесе ў Арабіі начуйце, караваны Дэданцаў.

14 Насустрач спрагнёным выносьце ваду, жыхары зямлі Тэман, з хлебам сустракайце ўцекачоў!

15 Бо яны ад аблічча мячоў уцяклі, ад аблічча мяча аголенага, ад аблічча лука напятага, ад аблічча цяжкай вайны.

16 Бо так сказаў мне Госпад: «Яшчэ год, як год найміта, і скончыцца ўся слава Кедару.

17 А рэшта ліку лучнікаў, волатаў сыноў Кедару, будзе малая, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, прамовіў!»

Сачыце за намі:



Аб'явы