ІСАІ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 16 1 Пашліце авечку кіраўніку краіны з Сэлі, што ў пустыні, на гару дачкі Сыёну! 2 І станецца, што як птушкі ганяныя, выкінутыя з гнязда, будуць дочкі Мааву каля бродаў праз Арнон. 3 «Дай нам раду, выдай прысуд, палажы цень твой апоўдні нібыта ноччу, схавай выгнанцаў, не выдавай уцекачоў. 4 Няхай абжывуцца ў цябе выгнанцы Мааву; будзь ім сховішчам перад абліччам нішчыцеля». Бо спыніцца гвалт, скончыцца зьнішчэньне, зьнікне з зямлі той, які топча [яе]. 5 І будзе ўмацаваны пасад міласэрнасьцю, і сядзе на ім у праўдзе ў намёце Давіда судзьдзя, які будзе шукаць суду, і [будзе] спраўна [рабіць] тое, што праведна. 6 «Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, што ён вельмі ганарысты, і пра фанабэрыю ягоную, і пра пыху ягоную, і пра лютасьць ягоную, і пра няшчырасьць ягоную, і пра пустыя словы ягоныя». 7 Дзеля гэтага няхай галосіць Мааў, над Маавам няхай усе галосяць; дзеля аладак з разынкамі з Кір-Хэрэсэту няхай яны ўздыхаюць, маркотныя. 8 Бо змарнелі нівы Хешбону і вінаграднікі Сібмы. Гаспадары народаў панішчылі вінаградныя лозы іхнія, якія сягалі аж да Язэру, даходзілі да пустыні, галіны іхнія расцягнуліся, перайшлі праз мора. 9 Дзеля гэтага заплачу, як плача Язэр, дзеля вінаграднікаў Сібмы. Залью цябе сьлязьмі маімі, Хешбон і Элеале, бо на жніво тваё і на збор [пладоў] тваіх прыйшоў гармідар ваенны. 10 Спынілася радасьць і вясёласьць у садах, і ў вінаградніках ня радуюцца і не ўсклікаюць [вясёла]. Віно ў тоўчнях не выціскае выціскальшчык, Я спыніў гоман [радасьці]. 11 Дзеля таго ўнутранасьці мае стогнуць, як гусьлі, дзеля Маава, і нутро маё — дзеля Кір-Харэсу. 12 І станецца, што [нават] калі зьявіцца Мааў, і будзе зьнясілены на ўзгорках, і прыйдзе ў сьвятыню сваю, каб маліцца, нічога ў яго не атрымаецца. 13 Гэта слова, якое прамовіў некалі ГОСПАД супраць Мааву. 14 А цяпер прамовіў ГОСПАД, кажучы: «Праз тры гады, лічачы гадамі найміта, будзе зьняважаная слава Мааву разам з усім мноствам [ягоным], а рэшта ягоная будзе вельмі малая, бясьсільная». |