ЁВА 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 9 1 І адказаў Ёў, і сказаў: 2 «Сапраўды, ведаю, што так ёсьць, але як апраўдаецца чалавек перад Богам? 3 Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму нават на адно пытаньне з тысячы. 4 Ён — мудры розумам і магутны сілаю. Хто супрацівіцца Яму і застанецца цэлым? 5 Ён пераносіць горы, і ня ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у гневе Сваім. 6 Ён зрушвае зямлю з месца ейнага, і падваліны яе трасуцца. 7 Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і на зоркі накладае пячатку. 8 Ён Сам расьцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. 9 Ён стварыў Воз, Касцоў, Стажар’е і зоркі паўднёвая. 10 Ён творыць вялікія і недасьледныя рэчы і цуды, якіх ніхто палічыць ня можа. 11 Калі Ён прыйдзе да мяне, я ня ўбачу Яго, а калі Ён адыйдзе, не заўважу. 12 Калі Ён раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Або хто зможа сказаць: “Што Ты робіш?” 13 Бог ня стрымлівае гневу Свайго, перад ім схіляюцца служкі Рагава. 14 Дык хто я такі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі? 15 Хоць бы я быў праведны, ня буду адказваць, буду толькі маліць Судзьдзю свайго. 16 Калі буду клікаць, і Ён адкажа, не паверу, што Ён выслухаў голас мой. 17 Ён можа зьнішчыць ураганам мяне, і павялічыць раны мае без прычыны. 18 Ён ня дасьць супакою душы маёй, і напоўніць мяне бядотамі. 19 Што да сілы, дык Ён мацнейшы, што да суду, дык хто зможа Яго вінаваціць? 20 Калі б я хацеў сябе апраўдаць, вусны мае асудзяць мяне. І калі б я выявіўся нявінным, Ён прызнае мяне вінаватым. 21 Калі б я быў невінаваты, гэтага ня хоча ведаць душа мая, і я асуджу жыцьцё сваё. 22 Усё адно, кажу я, і невінаватага, і грэшнага Ён зьнішчыць разам. 23 Калі раптоўна некага біч [сьмерці] забівае, з бяды нявінных Ён насьміхаецца. 24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожных, аблічча судзьдзяў яе Ён закрывае. Калі ня Ён гэта, дык хто? 25 Дні мае хутчэйшыя за бегуна, уцяклі і ня бачылі дабра, 26 праляцелі, як чаўны з чароту, і як арол, які імкне за здабычай. 27 Калі я скажу: “Забудуся пра смутак свой, зьмяню аблічча сваё і стану я вясёлы” 28 дык дрыжу дзеля ўсіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне. 29 Калі я такі грэшны, навошта дарма мучуся? 30 Калі б я памыўся ў вадзе са сьнегу і лугам абмыў рукі свае, 31 і тады Ты ўвапхнеш мяне ў балота, і будзе брыдзіцца мною адзеньне маё. 32 Бо Ён — не чалавек, падобны да мяне, каб я мог адказаць Яму. Ён — не чалавек, з якім мне разам ісьці на суд. 33 Няма між намі пасярэдніка, які паклаў бы руку на абодвух. 34 Няхай Ён забярэ ад мяне біч Свой, і страх Ягоны няхай не палохае мяне. 35 І тады я буду гаварыць, і ня буду баяцца Яго, бо так я ня маю адвагі. |