ЁВА 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 8 1 І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў: 2 «Як доўга ты будзеш так гаварыць? Словы вуснаў тваіх — як вецер гвалтоўны. 3 Ці ж Бог перакручвае суд? Ці Усемагутны перакручвае праведнасьць? 4 Калі сыны твае саграшылі супраць Яго, дык Ён аддаў іх у рукі злачыннасьці іхняй. 5 Аднак, калі ты на сьвітаньні зьвернешся да Бога і будзеш маліць Усемагутнага, 6 і калі будзеш чысты і праведны, Ён сустрэне цябе і дасьць табе супакой паводле праведнасьці тваёй. 7 І хоць былі малыя пачаткі твае, канец твой будзе вельмі вялікі. 8 Распытай пакаленьні даўнейшыя і зваж на досьвед бацькоў тваіх, 9 бо мы — учора [нарадзіліся] і мала ведаем, бо дні нашыя на зямлі — быццам цень. 10 А яны навучаць цябе, і скажуць табе, і ад сэрца свайго скажуць слова табе. 11 Ці ж можа расьці трысьнёг бяз вільгаці, або чарот без вады? 12 Ён яшчэ квітнее і не сарваныя рукой кветкі ягоныя, але ён сохне раней за ўсю траву. 13 Такі шлях усіх, якія забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне. 14 Надзея яго ценькая, як нітка, пэўнасьць ягоная — як павуціньне. 15 Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, схопіцца за яго, але ён не ўтрымаецца. 16 Зелянее ён на сонцы і выпускае галінкі свае, 17 і ў купу камянёў запускаюцца карані ягоныя, і паміж камянёў ён вырас. 18 А калі вырвуць яго з месца ягонага, адрачэцца яно ад яго: “Ня ведаю я цябе”. 19 Такая вось радасьць шляху ягонага, а з пылу вырастаюць іншыя. 20 Бог не адкіне нявіннага і ня дасьць рукі ліхотнікам. 21 Ён напоўніць вусны твае сьмехам, і губы твае — радасным ускліканьнем. 22 Тыя, што ненавідзяць цябе, асаромяцца, і не ўстаіць намёт бязбожных». |