Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 41 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 41

1 Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш.

2 Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім?

3 Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой.

4 Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю.

5 Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных?

6 Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах!

7 Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.

8 Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе.

9 Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх.

10 Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы.

11 З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя.

12 З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць.

13 Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя.

14 У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае.

15 Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца.

16 Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы.

17 Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху.

18 Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна.

19 Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое.

20 Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена.

21 Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць.

22 Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце.

23 Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень.

24 За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною.

25 Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным.

26 На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці».

Сачыце за намі:



Аб'явы