ЁВА 38 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 38 1 І адказаў ГОСПАД з віхуры, і сказаў: 2 «Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задумы Мае? 3 Падперажы, як мужчына, паясьніцу тваю, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне. 4 Дзе ты быў, калі Я закладваў падваліны зямлі? Адкажы Мне, калі маеш веды? 5 Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную? 6 На чым замацаваны падваліны яе? Або хто залажыў кутні камень яе, 7 калі гаманілі з радасьцю зоркі ранішнія, і калі радасна ўсклікалі ўсе сыны Божыя? 8 Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, [нібы] з улоньня выходзіла; 9 калі апранаў у хмары яго, і ў імглу, як у пялёнкі, спавіваў? 10 Я паставіў мору межы ейныя, і паставіў загарадкі і брамы, 11 і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут спыніш узбураныя хвалі твае”. 12 Ці ты загадваў у дні твае сьвітаньню і ці вызначаў зараніцы месца яе, 13 каб ахапіла яна канцы зямлі, і каб вынішчаны былі на ёй бязбожнікі, 14 каб [зямля] зьмянілася як гліна пад пячаткай, і сталася, як адзеньне каляровае, 15 каб забранае было ад бязбожных сьвятло іхняе і зламанае рамяно ўзьнесенае? 16 Ці ты даходзіў да крыніцаў мора, і ці ты хадзіў па дне бяздоньня? 17 Ці адкрытыя былі табе брамы сьмерці, і ці бачыў ты дзьверы цемры сьмяротнай? 18 Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё гэта. 19 Пры якой дарозе жыве сьвятло, і дзе месца цемры, 20 каб завесьці яе да межаў ейных, і ведаць сьцежкі да дому яе? 21 Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі! 22 Ці ты даходзіў да сховішча сьнегу і ці бачыў сховішча граду, 23 які Я падрыхтаваў на час гора і на дзень бою і вайны? 24 Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разыходзіцца вецер палючы па зямлі? 25 Хто вызначыў пратоку для навальніцы і шляхі для маланкі і грымотаў, 26 каб ліў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма ніводнага чалавека, 27 каб насыціць [вадою] пустыню і пушчу, і каб вырасьціць траву [на засохлай зямлі]? 28 Хто ёсьць бацькам дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы? 29 З чыйго нутра выйшаў лёд, і хто родзіць шэраш на небе? 30 Як камень вада цьвярдзее, і аблічча бяздоньня замярзае. 31 Ці ты можаш зьвязаць зьвязы Стажар’я, і ці можаш разьвязаць вузел Касцоў? 32 Ці ты выведзеш зорку ранішнюю ў свой час, і ці Воз з сынамі ягонымі накіруеш? 33 Ці ты ведаеш законы неба, і ці можаш напісаць іх на зямлі? 34 Ці можаш падняць голас твой да аблокаў і хвалямі вады накрыць сябе? 35 Ці можаш паслаць бліскавіцы, і ці пойдуць яны, і ці скажуць табе: “Вось мы!” 36 Хто ўлажыў у нутро ібіса мудрасьць, і хто пеўню даў розум? 37 Хто мудрасьцю лічыць хмары, і хто можа нахіліць начыньні нябесныя, 38 калі пыл цьвярдзее ў камяні, замяняецца ў груды? 39 Ці ты для ільвіцы наловіш здабычы, і голад ільвянятаў задаволіш, 40 калі яны вылежваюцца ў логвах сваіх, або ў гушчары цікуюць? 41 Хто гатуе крумкачу страву ягоную, калі дзеці ягоныя клічуць да Бога і блукаюць бяз ежы? |