Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 36 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 36

1 І працягваў Элігу, і сказаў:

2 «Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога.

3 Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць.

4 Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні.

5 Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца.

6 Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму.

7 Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца.

8 І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора,

9 Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся.

10 І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты.

11 Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці.

12 А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня.

13 Крывадушнікі склада­юць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць [Бога], калі Ён закоўвае іх [у кайданы].

14 У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі.

15 Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе.

16 Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім.

17 Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак.

18 Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць [шляхоў] тваіх.

19 Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй?

20 Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх.

21 Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора.

22 Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго?

23 Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”?

24 Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі.

25 Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк.

26 Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны.

27 Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай.

28 Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей.

29 Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага?

30 Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора.

31 Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх.

32 У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць.

33 Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе.

Сачыце за намі:



Аб'явы