Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 33

1 Дык выслухай, Ёве, прамову маю і прыхілі вуха на ўсе словы мае.

2 Вось, я адкрываю вусны свае, і язык мой гаворыць у вуснах маіх.

3 Ад шчырага сэрца плывуць словы мае, і яснае веданьне кажуць вусны мае.

4 Дух Божы ўчыніў мяне, і дыханьне Усемагутнага ажывіла мяне.

5 Падрыхтуйся і стань перад абліччам маім, і прадстаў справу тваю.

6 Вось, я, як вусны твае перад Богам, таксама я з гліны ўфармаваны.

7 Вось страх [перада] мною няхай цябе не палохае, і рука мая няхай ня будзе цяжкаю над табою.

8 Тое, што ты гаварыў — у вушах маіх, і я чуў голас словаў тваіх:

9 “Чысты я, бяз грэху, беззаганны, і няма віны ў-ва мне.

10 Але [Бог] знайшоў абвінавачваньне супраць мяне, і лічыць мяне ворагам Сваім.

11 Ён закаваў у кайданы ногі мае, пільнуе ўсе сьцежкі мае”.

12 Вось, у гэтым ты няправедны. Я адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.

13 Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе ніводнага слова?

14 Бог прамаўляе і адзін раз, і другі, а [чалавек] не зважае на гэта.

15 У сьне і ў відзежы начным, калі моцны сон агартае людзей і ў дрымоце на ложку,

16 адкрывае Ён вуха людзям, і палохае іх у зьявах,

17 каб адвярнуць чалавека ад учынкаў [ліхіх], і вызваліць яго ад пыхлівасьці,

18 каб захаваць душу ягоную ад магілы, і жыцьцё ягонае, каб не загінула ад дзіды.

19 Ён дакарае яго хваробаю на ложку ягоным і болем безупынным у костках ягоных.

20 І жыцьцё ягонае брыдзіцца хлебам, і душа ягоная — страваю найлепшаю.

21 Цела яго зьнікае на вачах, і косткі, звычайна ня бачныя, адкрываюцца.

22 Набліжаецца душа ягоная да магілы, і жыцьцё ягонае — да памёршых.

23 Калі пры ім анёл-абаронца, адзін з тысячы, які распавядзе чалавеку, у чым праведнасьць ягоная,

24 тады зьлітуецца [Бог] над ім і скажа: “Выратуй яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў выкуп [за яго]”.

25 Тады цела ягонае стане, як у маладосьці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.

26 Ён будзе маліць Бога, і [Бог] будзе спагадны яму, і ўбачыць аблічча ягонае радасным, і верне чалавеку праведнасьць ягоную.

27 І ён паглядзіць на людзей і скажа: “Я грашыў і чыніў няправасьць, і не аднагароджана мне.

28 Ён выкупіў душу маю, каб не трапіла ў магілу, і будзе бачыць сьвятло жыцьцё маё”.

29 Вось, усё гэта робіць Бог два, і тры разы з чалавекам,

30 каб адвесьці душу ягоную ад магілы, і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.

31 Уважай, Ёве, паслухай мяне, і памаўчы, і я прамоўлю.

32 Калі маеш словы, адкажы мне. Прамоў, бо хачу, каб ты аказаўся праведным.

33 Калі ж ня маеш, паслухай мяне. Маўчы, і я навучу цябе мудрасьці».

Сачыце за намі:



Аб'явы