ЁВА 32 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 32 1 І перасталі тыя тры чалавекі адказваць Ёву, бо ён быў праведны ў вачах сваіх. 2 І ўзгарэўся гневам Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, з роду Рама. І запалаў ён гневам на Ёва, бо той лічыў душу сваю больш праведнай за Бога. 3 І запалаў гнеў ягоны таксама на сяброў ягоных, што не знайшлі яны адказу яму, але [толькі] вінавацілі Ёва. 4 І чакаў Элігу, калі Ёў гаварыў, бо яны былі старэйшымі за яго днямі. 5 І ўбачыў Элігу, што тыя тры ня маюць адказу ў вуснах сваіх, і запалаў гнеў ягоны. 6 І адказаў Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, і сказаў: «Я — малодшы за вас днямі, а вы — старэйшыя, дзеля гэтага я вагаўся і баяўся выказваць вам думку сваю. 7 Я казаў сабе: “Няхай [многія] дні гавораць, і няхай шматгадовы вучыць мудрасьці”. 8 Але дух ёсьць у чалавеку і дыханьне Усемагутнага дае яму разуменьне. 9 Не [заўсёды] шматгадовы — мудры, і ня [толькі] старыя разумеюць суд. 10 Таму я кажу: “Паслухайце мяне, і я выкажу веданьне сваё”. 11 Вось, чакаў я на словы вашыя, і настаўляў вуха на разумнасьць вашую, пакуль вы шукалі словаў, 12 і намагаўся, каб мне зразумець вас. І вось, няма такога, хто аспрэчыць Ёва, і хто можа адказаць на словы ягоныя. 13 Не кажыце: “Мы знайшлі мудрасьць. Няхай Бог пераможа яго, а не чалавек”. 14 Ня супраць мяне словы [Ёва], і не паводле словаў вашых адкажу яму. 15 Яны спалохаліся, і не адказваюць болей, і ня маюць ужо словаў. 16 Яшчэ пачакаў я, яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі. 17 Я таксама адкажу ў сваю чаргу, і выкажу думку маю. 18 Бо я поўны словаў, і сьціскае дыханьне ў-ва мне дух мой. 19 Таксама нутро маё, як віно закаркаванае, што разрывае новыя мяхі. 20 Няхай я скажу і стане лягчэй крыху, адкрыю вусны мае і адкажу. 21 Ня буду зьвяртаць увагі на асобу, і ня буду патураць чалавеку, 22 бо ня ўмею лісьлівіць, іначай няхай адразу возьме мяне Творца мой. |