Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 24

1 Чаму ня вызначаны час [суду] Усемагутнага, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?

2 [Бязбожнікі] межы пераносяць, рабуюць статкі і пасьвяць іх,

3 асла ў сіротаў адбіраюць, бяруць у заклад вала ў удавы,

4 убогіх спіхваюць з дарогі, і ўсе прыгнечаныя зямлі змушаныя хавацца.

5 Вось, як аслы ў пустыні, выходзяць [небаракі] на працу сваю, шукаючы хлеб для дзяцей у стэпе.

6 Жнуць яны траву на полі і зьбіраюць вінаград у бязбожнага,

7 начуюць голыя, без адзеньня, і ня маюць чым накрыцца ў холад,

8 мокнуць у гарах ад дажджоў, і, ня маючы прытулку, туляцца да скалаў.

9 Адрываюць сіротаў ад грудзей, і ад убогіх бяруць заклад.

10 Голыя ходзяць яны, без адзеньня, і галодныя носяць снапы.

11 У мурах выціскаюць алей, і ціснуць віно ў тоўчні, і смагнуць.

12 У гарадах, паміраючы, стогнуць; душа калечаных крычыць, але Бог не зважае на зло.

13 Яны бунтуюцца супраць сьвятла, і ня ведаюць шляхоў Ягоных, і не сядзяць на сьцежках Ягоных.

14 На сьвітаньні ўстае забойца, забівае ён беднага і ўбогага, і ноччу ходзіць як злодзей.

15 Вока чужаложніка чакае цемры, кажучы: “Ня ўбачыць мяне вока”, і хавае твар свой за заслонай.

16 У поцемках падкопваюцца пад дамы, а днём замыкаюцца, і ня ведаюць яны сьвятла.

17 Бо раніца для іх усіх — цень сьмерці; бо ведаюць яны жудасьці цемры.

18 Лёгкі ён на абліччы вады, і праклятая доля ягоная на зямлі, і ня вернецца ён на шлях да вінаградніку.

19 Суш і сьпякота высушылі воды сьнегавыя, і гэткая адхлань для тых, што саграшылі.

20 Няхай забудзецца пра яго ўлоньне [маці], і няхай смакуюць цела ягонае чэрві, няхай не застаецца памяці пра яго, але як дрэва няхай зломіцца беззаконьнік.

21 Ён пасьвіцца з бясплоднай, якая не нараджала, і ўдаве ня робіць дабра.

22 Ён здужвае сілай сваёю магутных, ён устае, і [ніхто] ня мае пэўнасьці ў жыцьці сваім.

23 [Бог] дае яму месца бясьпекі, і ён на гэта абапёрся, але вочы Ягоныя — на шляхах іхніх.

24 Падняліся яны трохі, і няма іх, і паніжаны, і прападаюць, і зрэзаныя яны як каласы.

25 Калі гэта ня так, хто зможа мяне аспрэчыць і марнотай палічыць словы мае?»

Сачыце за намі:



Аб'явы