Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 21

1 І адказаў Ёў, і сказаў:

2 «Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае.

3 Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе.

4 Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы?

5 Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае.

6 Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё.

7 Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць?

8 Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх.

9 Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі.

10 Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае [цяляці].

11 Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх.

12 Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі,

13 і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань.

14 Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх.

15 Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?”

16 Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго.

17 Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці [часта] ў гневе [Божым] прыходзяць на іх пакуты?

18 Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць?

19 [Скажаш:] “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў.

20 Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага.

21 Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца?

22 Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых.

23 Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі.

24 Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам.

25 А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром.

26 Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.

27 Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць.

28 Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?”

29 Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі,

30 што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу?

31 Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму?

32 Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць.

33 Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч.

34 Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?»

Сачыце за намі:



Аб'явы