ЁВА 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 14 1 Чалавек, які народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывогаў. 2 Вырастае кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца. 3 І Ты на такога зьвяртаеш вочы Твае і вядзеш яго на суд з Сабою. 4 Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто! 5 Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсьці, 6 дык адвярні вочы Твае ад яго, няхай ён супачыне, няхай пацешыцца днём, як той найміт. 7 Бо нават дрэва мае надзею. Калі яно было сьсечанае, дык зноў адрасьце, і парасткі свае пускаць не пакіне, 8 і калі састарэе ў зямлі корань ягоны, і пень ягоны ў пяску спарахнее, 9 ад вільгаці вады яно зазелянее і пусьціць галінкі як маладая расьліна. 10 А чалавек калі памрэ, ён адыйшоў, і дзе знойдзеш яго? 11 Зьнікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна. 12 Так і чалавек, калі засьне, не прачнецца, пакуль неба ня счэзьне; ня ўстане, і зо сну свайго не прачнецца. 13 О, каб Ты схаваў мяне ў адхлані і захаваў мяне, пакуль не міне ярасьць Твая, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш. 14 Ці памёршы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні службы маёй я чакаю, калі прыйдзе замена мая. 15 Ты паклічаш, і я адкажу Табе, Ты засумуеш за творам рук Тваіх. 16 Бо Ты палічыш нават крокі мае, і будзеш ласкавы адносна грахоў маіх. 17 Ты запячатаеш, як у мяшку, злачынствы мае, і выбеліш правіны мае. 18 Але як гара, падаючы, развальваецца, і як скала зыходзіць з месца свайго, 19 і як вада сьцірае камень, і як плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку. 20 Ты сьціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасьць, зьмяняеш аблічча ягонае і адсылаеш яго. 21 Ці ў славе жывуць дзеці ягоныя, ён ня ведае, ці ў ганьбе, ён не разумее. 22 Адчувае ён боль цела свайго, і душа ягоная ў ім самім ные». |