Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 13

1 Усё гэта бачыла вока маё, і чула вуха маё, і ўсё зразумела.

2 Тое, што вам вядома, і я ведаю, і я ня горшы ад вас.

3 Я хачу гаварыць з Усемагутным і прагну Богу прадставіць [справу маю].

4 Бо вы задумалі няпраўду, вы — лекары, нічога ня вартыя.

5 Калі б вы маўчалі, вы зьявілі б гэтым мудрасьць!

6 Паслухайце скаргу маю і зважце на адказ вуснаў маіх.

7 Ці належала вам дзеля Бога казаць няпраўду і дзеля Яго гаварыць хлусьліва?

8 Ці належала вам быць крывадушнымі дзеля Яго, і за Бога на судзе спрачацца?

9 Ці добра будзе, калі Ён вас будзе выспрабоўваць? Ці зможаце з Яго насьміхацца, як насьміхаюцца з чалавека?

10 Ён, караючы, пакарае вас, калі будзеце патаемна зважаць на аблічча.

11 Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не агартае вас?

12 Напаміны вашыя — гэта словы з попелу, а вежы вашыя — вежы гліняныя.

13 Памаўчыце крыху, а я буду гаварыць, і няхай што заўгодна прыйдзе на мяне.

14 Навошта мне кусаць цела маё зубамі маімі і душу маю трымаць рукамі маімі.

15 Хоць бы і забіў мяне [Бог], буду мець у Ім надзею і буду абараняць шляхі мае перад абліччам Ягоным.

16 У гэтым будзе збаўленьне маё, бо ніводзін бязбожнік ня прыйдзе перад аблічча Ягонае.

17 Слухайце ўважліва словы мае, і няхай будзе ў вушах вашых тлумачэньне маё.

18 Бо я пачаў суд, і ведаю, што [буду] апраўданы.

19 Хто будзе судзіцца са мной? Тады я змоўкну, і [гатовы] памерці.

20 Дзьвюх толькі рэчаў не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:

21 аддалі руку Тваю ад мяне, і жах Твой няхай не палохае мяне.

22 Пакліч мяне, і я адкажу Табе, або я буду гаварыць, а Ты адкажы мне.

23 Якія грахі і правіны я маю? Пакажы мне грэх мой і правіны мае.

24 Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне за ворага для Цябе?

25 Ці Ты пужаеш лісток, які [ветрам] сарваны, і гонішся за сухой саломай?

26 Бо Ты пішаш пра мяне прыкрасьці і прыгадваеш мне грахі маладосьці маёй.

27 Ты замыкаеш у калоду ногі мае, і пільна назіраеш сьцежкі мае, і дасьледуеш усе сьляды мае.

28 І я марнею, як спарахнелае дрэва і як адзеньне, якое моль патачыла.

Сачыце за намі:



Аб'явы