ЁВА 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 12 1 І адказаў Ёў, і сказаў: 2 «Сапраўды, вы — толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасьць вашая. 3 І я маю розум, як вы, і нічым я ад вас ня горшы. І хто ня ведае пра гэта? 4 Насьмешкай я стаўся для сяброў маіх, што я клічу Бога, каб Ён выслухаў мяне. Сьмешная праведнасьць нявіннага [чалавека]. 5 Пагарджаюць няшчасьцем тыя, што жывуць у супакоі, яны гатовыя папхнуць таго, у каго ногі хістаюцца. 6 Спакойныя намёты рабаўнікоў, і бясьпечныя тыя, што гнявяць Бога, іх быццам Бог вядзе за руку. 7 Запытайся жывёлу, і тая навучыць цябе, і птушак нябесных, і яны скажуць табе. 8 Запытайся зямлі, і яна патлумачыць табе, і раскажуць табе рыбы марскія. 9 Хто з іх усіх ня ведае, што рука ГОСПАДА ўчыніла ўсё гэта? 10 У руцэ Ягонай душа ўсяго жывога, і дух усякага цела чалавечага Ён трымае. 11 Ці ж ня вуха разумее словы, і ці ж не паднябеньне пазнае смак ежы? 12 Старыя маюць мудрасьць, а хто жыве доўга — разуменьне. 13 У [Бога] — мудрасьць і сіла, Ён мае раду і разуменьне. 14 Вось, Ён зруйнуе, і ніхто не адбудуе, Ён увязьніць чалавека, і нельга вызваліць. 15 Вось, Ён спыняе воды, і яны высыхаюць, а калі Ён пусьціць іх, яны зямлю спустошаць. 16 У Яго — моц і цьвярозы розум, Ён [ведае] падманутага і ашуканца. 17 Ён робіць босымі дарадцаў і ў судзьдзяў адбірае разум. 18 Ён разьвязвае ярмо валадароў і вяроўкай абвязвае сьцёгны іхнія. 19 Ён робіць босымі сьвятароў і магнатаў скідае. 20 Ён закрывае вусны верных і старых пазбаўляе разважлівасьці. 21 Ён вылівае пагарду на шляхетных, аслабляе пояс адважных. 22 Ён выяўляе тое, што схаванае ў цемры, і ўсё цёмнае асьвятляе. 23 Ён народ узьвялічвае і нішчыць, пашырае народы і губіць. 24 Ён забірае розум у начальнікаў народаў зямлі, і дае ім блукаць па пустых бездарожжах. 25 Яны ходзяць навобмацак у цемры, і сьвятла ня маюць, і хістаюцца яны, як п’яныя. |