ЁВА 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 11 1 І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў: 2 «Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць, або ці чалавек гаваркі апраўдаецца? 3 Ці ж пустая гаворка твая прымусіць людзей маўчаць, і ня будзе каму асароміць цябе? 4 Бо ты сказаў: “Слушная рада мая, і чысты я ў вачах Тваіх”. 5 Але калі б Бог прамовіў слова, і адкрыў вусны Свае да цябе, 6 і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што вышэй за ўсякае разуменьне! І ты даведаешся, што Бог забыўся пра беззаконьні твае. 7 Ці можаш ты сьцяміць глыбіні Божыя, і ці можаш дайсьці да межаў Усемагутнага? 8 Бо Ён — вышэйшы за неба, і што ты зробіш? Ён — глыбейшы за пекла, і як ты нешта будзеш ведаць? 9 Даўжэйшая за зямлю мерка Ягоная і шырэйшая за мора. 10 Калі Ён праходзіць, хто Яго спыніць? Калі ставіць на суд, хто запярэчыць Яму? 11 Бо Ён ведае марнасьць чалавечую і бачыць злачынствы, і ўсё заўважае. 12 І чалавек пусты стане разважлівым, хоць і нараджаецца ён, як асёл дзікі. 13 Калі ты ўмацуеш сэрца тваё і да Яго ўзьнясеш рукі твае, 14 калі беззаконьне, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш і ня будзе месца няпраўдзе ў намёце тваім, 15 тады ты падымеш аблічча тваё без правіны, і будзеш моцны, і ня будзеш баяцца. 16 Бо ты забудзешся на гора тваё, і ўзгадаеш пра яго, як пра дождж, што мінуў. 17 І жыцьцё тваё будзе як сьвятло апоўдні, і цемра заясьнее, як сьвітаньне. 18 І будзеш ты пэўны, бо маеш надзею, і глянеш наўкола, і будзеш спаць спакойна. 19 Будзеш адпачываць, і ніхто ня будзе палохаць цябе, і многія будуць шукаць аблічча твайго. 20 А вочы бязбожных сасьлепнуць, і ня будуць яны мець прытулку, і надзея іхняя — стогн душы». |