ЁВА 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 10 1 Абрыдла мне жыцьцё маё, стану я наракаць на сябе і гаварыць у горычы душы маёй! 2 Скажу я Богу: “Не асуджай мяне, а пакажы мне, за што Ты мяне так судзіш? 3 Ці добрым Табе здаецца тое, што Ты прыгнятаеш і ганьбіш твор рук Тваіх, а радзе бязбожных спрыяеш? 4 Ці Ты маеш вочы цялесныя, або як чалавек бачыць, так і Ты бачыш? 5 Ці ж дні Твае — як дні чалавечыя, і гады Твае — як гады чалавека, 6 што Ты шукаеш няправеднасьць маю і даведваешся грахі мае. 7 Хоць Ты ведаеш, што я нічога благога не зрабіў, але няма нікога, хто б з рукі Тваёй мог выцягнуць мяне. 8 Рукі Твае зрабілі мяне і ўфармавалі мяне, але Ты раптам губіш мяне. 9 Памятай, прашу, што Ты з гліны зрабіў мяне. Чаму зноў у парахно мяне вяртаеш? 10 Ты выліў мяне як малако, і як сыр, зьляпіў мяне. 11 У скуру і цела Ты апрануў мяне, зьвязаў мяне косткамі і жыламі, 12 абдарыў мяне жыцьцём і любоўю, і апека Твая сьцерагла дух мой. 13 Хоць гэта хаваў Ты ў сэрцы Тваім, аднак я ведаю, што яно было ў душы Тваёй. 14 Калі б я саграшыў, Ты б убачыў, і не пакінуў бы грэху майго без пакараньня. 15 Гора мне, калі б я стаўся ліхім, але хоць бы і быў праведны, дык і тады не падыму галавы, насычаны зьдзекамі і горам. 16 Калі я падымуся, Ты, як леў, ловіш мяне, і зноў паказваеш мне веліч Тваю. 17 Ты ставіш сьведкаў Тваіх супраць мяне і павялічваеш гнеў Твой на мяне, і кары Твае будуць спадаць на мяне. 18 Навошта выводзіў Ты з улоньня мяне? Лепш бы я памёр, калі яшчэ ніводнае вока ня бачыла мяне! 19 Няхай бы я быццам ня быў, і з улоньня пайшоў бы ў магілу. 20 Ці ж не кароткія дні жыцьця майго? Дык прабач Ты мяне, каб крыху прасьвятлела аблічча маё, 21 пакуль я пайду, і не вярнуся, у зямлю цемры і ценю сьмерці, 22 у зямлю начнога змроку і ценю сьмерці, дзе бязладзьдзе і сьвятло нібы ноч”». |