3 ЯНА 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)3 Ян 1 1 Староста — улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе. 2 Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая. 3 Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе. 4 Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе. 5 Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў, 6 якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам, 7 бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў. 8 А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе. 9 Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас. 10 Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы. 11 Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога. 12 Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае. 13 Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай, 14 а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны. 15 Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна. |