3 ЦАРСТВАЎ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Вал 6 1 У чатырыста восемдзясятым годзе пасьля выхаду Ізраілю з зямлі Эгіпецкай, у чацьвёртым годзе валадараньня Салямона над Ізраілем, у месяцы Зіў, значыць другім месяцы, пачаў [Салямон] будаваць Дом ГОСПАДА. 2 Дом, які валадар Салямон будаваў для ГОСПАДА, меў шэсьцьдзясят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні. 3 Прысенак перад Дому Сьвятым меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна да шырыні Дому, і дзесяць локцяў шырыні перад Домам. 4 І зрабіў ён у Доме [Божым]наўскосныя вокны з кратамі, 5 і зрабіў прыбудову ўздоўж сьценаў Дому, вакол Дому Сьвятога і Сьвятога Сьвятых, і бакавыя пакоі кругом. 6 І меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, сярэдні — шэсьць локцяў шырыні, а трэці — сем локцяў шырыні, бо ён зрабіў абмуроўку вакол Дому звонку, каб прыбудова не датыкалася да муроў Дому. 7 Пры пабудове Дому [Божага] бралі чэсаныя камяні, робленыя каменярамі, і ў Доме [Божым], калі яго будавалі, не было чутна ані молату, ані сякеры, ані ніякай прылады жалезнай. 8 Дзьверы ў сярэднія бакавыя пакоі былі з правага боку Дому, праз якія сходы ўзыходзілі да сярэдняга, а з сярэдняга — да трэцяга [паверху]. 9 І пабудаваў [Салямон] Дом [Божы], і скончыў яго. І ашаляваў ён Дом дошкамі кедровымі. 10 І пабудаваў над усім Домам прыбудову ў пяць локцяў вышыні, і яна была прымацаваная да Дому бярвеньнямі кедровымі. 11 І было слова ГОСПАДА да Салямона, кажучы: 12 «Адносна Дому гэтага, які ты будуеш, дык калі ты будзеш хадзіць паводле пастановаў Мае, будзеш выконваць прысуды Мае і будзеш захоўваць прыказаньні Мае, каб хадзіць паводле іх, Я споўню слова Маё адносна цябе, якое прамовіў Давіду, бацьку твайму. 13 І Я буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і не пакіну народу Майго, Ізраіля». 14 І пабудаваў Салямон Дом [Божы], і закончыў яго. 15 І знутры ашаляваў сьцены Дому дошкамі кедровымі, ад падлогі Дому аж да бэлькаў столі ўнутры ашаляваў дрэвам, а падлогу Дому пакрыў дошкамі кіпарысавымі. 16 А з задняга боку Дому паставіў сьцену з дошак кедровых у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі, каб аддзяліць Давір, Сьвятое Сьвятых. 17 Сорак локцяў даўжыні меў Дом [Божы] ад пярэдняй часткі сьвятыні. 18 І былі [сьцены] кедровыя ўнутры ўпрыгожаныя рэзьбленымі пладамі і кветкамі. Усё было з кедру, і камяня не было відаць [на сьценах]. 19 І Давір быў зроблены ў сярэдзіне Дому, каб там паставіць Каўчэг Запавету ГОСПАДА. 20 Давір меў дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні. І [Салямон] ашаляваў яго чыстым золатам, і [пабудаваў] ахвярнік кедровы. 21 І ашаляваў Салямон Дом унутры шчырым золатам, і нацягнуў залатыя ланцугі перад Давірам, і ашаляваў яго золатам. 22 І ўвесь Дом ашаляваў золатам цалкам, і ахвярнік, які ў Давіры, ашаляваў золатам. 23 І зрабіў у Давіры двух херувімаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні. 24 Адно крыло херувімаў мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў. І ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў. 25 Другі херувім таксама меў дзесяць локцяў. Абодва херувімы мелі такія самыя памеры і выгляд. 26 Вышыня аднаго херувіма — дзесяць локцяў, і таксама другога херувіма. 27 І паставіў ён гэтых херувімаў у сярэдзіне ўнутранай часткі Дому. І крылы херувімаў былі раскінуты, і крыло аднаго херувіма дакраналася адной сьцяны, а крыло другога дакраналася другой сьцяны. А іхнія другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне Дому крыло з крылом. 28 І пакрыў ён херувімаў золатам. 29 А на ўсіх сьценах Дому кругом, унутры і звонку, выразаў выявы херувімаў, пальмаў і кветак, што красуюць. 30 І падлогу Дому пакрыў золатам унутры і звонку. 31 А на ўваходзе ў Давір зрабіў дзьверы з дрэва аліўкавага з пяцівугольнымі вушакамі. 32 І на дзьвюх паловах дзьвярэй з дрэва аліўкавага ён выразаў херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў іх золатам. І пакрыў золатам херувімаў і пальмы. 33 І гэтаксама зрабіў на ўваходзе ў сьвятыню чатырохвугольныя вушакі з дрэва аліўкавага, 34 і дзьве форткі дзьвярэй з дрэва кіпарысавага. Абедзьве форткі адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве форткі другіх дзьвярэй былі рухомыя. 35 І выразьбіў на іх херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў выявы золатам. 36 І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма шэрагамі чэсаных камянёў і шэрагам бярвеньняў кедровых. 37 У чацьвёртым годзе ў месяцы Зіў быў закладзены падмурак Дому ГОСПАДА, 38 а ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, значыцца, у восьмым месяцы, быў скончаны Дом [Божы] з усімі прыналежнасьцямі ягонымі і з усім упарадкаваньнем яго. Будаваў яго [Салямон] сем гадоў. |