3 ЦАРСТВАЎ 22 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Вал 22 1 І жылі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем. 2 І сталася ў трэці год, прыйшоў Язафат, валадар Юды, да валадара Ізраіля. 3 І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот Гілеадзкі наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?» 4 І сказаў ён Язафату: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць на Рамот Гілеадзкі?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і як народ твой, так і народ мой, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае». 5 І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся, калі ласка, сёньня, пра слова ГОСПАДА». 6 І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і сказаў ім: «Ці маю я ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» І яны сказалі: «Ідзі, і Госпад аддасьць яго ў рукі валадара». 7 І сказаў Язафат: «Ці няма яшчэ прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?» 8 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое. [Гэта] Міхей, сын Імлі». І Язафат сказаў: «Не гавары так, валадар». 9 І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Пасьпяшайся і [прывядзі] Міхея, сына Імлі». 10 А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, апранутыя ў шаты ўрачыстыя, сядзелі кожны на пасадзе сваім каля ўваходу ў браму Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іхнім. 11 І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”». 12 І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі і перамагай. ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара». 13 А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў у адзін голас [прадказваюць] валадару добрае. Дык няхай слова тваё будзе як кожнага з іх, і прамоў добрае». 14 Але Міхей сказаў: «Як жывы ГОСПАД, што скажа мне ГОСПАД, тое я прамоўлю!» 15 І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» Ён сказаў: «Ідзі і перамагай, і ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара». 16 І сказаў яму валадар: «Яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты прамовіў мне праўду ў імя ГОСПАДА». 17 І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, расьцярушаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны гаспадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”». 18 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое?» 19 А той сказаў: «Дзеля гэтага слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго праваруч і леваруч. 20 І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай. 21 І выйшаў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?” 22 А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І [Госпад] сказаў: “Ты намовіш яго, гэта атрымаецца ў цябе. Ідзі і зрабі так!” 23 І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў супраць цябе ліхое». 24 І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенааны, і ўдарыў Міхея па абліччы, і сказаў: «Якім чынам адыйшоў Дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?» 25 А Міхей сказаў: «Вось, ты ўбачыш той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца”. 26 І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадара, 27 і скажы: “Гэта кажа валадар: "Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі"”». 28 І сказаў Міхей: «Калі ты вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце [гэта], усе людзі!» 29 І пайшлі валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі. 30 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне, і пайшоў у бой. 31 А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум возьнікам калясьніцаў, кажучы: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля». 32 І сталася, калі возьнікі калясьніцаў убачылі Язафата, яны сказалі, што ён — валадар Ізраіля, і зьвярнуліся супраць яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў. 33 І ўбачылі возьнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і адступіліся ад яго. 34 І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова параніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў [валадар] возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне з бою, бо я паранены». 35 І ў той дзень разгарэўся бой, і валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр увечары, і кроў з раны сьцякала ў калясьніцу. 36 І на заходзе сонца ў войску закрычалі, кажучы: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!» 37 І памёр валадар, і быў прывезены ў Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі. 38 І вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў. 39 А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 40 І супачыў Ахаў з бацькам сваім, і заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго. 41 А Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля. 42 Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азуба, дачка Шылхі. 43 І хадзіў ён усім шляхамі Асы, бацькі свайго, і не зыходзіў з яго, і рабіў тое, што было слушным у вачах ГОСПАДА. 44 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках. 45 І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля. 46 Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць ягоная, і што ён рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 47 А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні Асы, бацькі ягонага, ён вынішчыў з зямлі. 48 І не было [тады] ў Эдоме валадара, але намесьнік валадарскі. 49 І Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры. 50 Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблях са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў. 51 І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго, і заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго. 52 Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады. 53 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля. 54 І служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усё так, як рабіў бацька ягоны. |