3 ЦАРСТВАЎ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Вал 17 1 І сказаў Ільля з Тэшбы з жыхароў Гілеаду Ахаву: «Як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады ня будзе ані расы, ані дажджу, пакуль ня будзе слова з вуснаў маіх!» 2 І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы: 3 «Адыйдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся пры ручаі Керыт, які на ўсход ад Ярдану. 4 Ваду будзеш піць з ручая, і Я загадаў крумкачам, каб яны кармілі цябе там». 5 І ён пайшоў, і зрабіў паводле слова ГОСПАДА. І пайшоў, і сеў каля ручая Керыт, які на ўсход ад Ярдану. 6 І крумкачы прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і хлеб і мяса ўвечары, а [ваду] ён піў з ручая. 7 І сталася, праз нейкі час ручай высах, бо не было дажджу ў зямлі [Ізраіля]. 8 І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы: 9 «Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там. Вось, Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе». 10 І ён устаў, і пайшоў у Сарэпту. І прыйшоў ён да брамы гораду, і вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І ён паклікаў яе, і сказаў: «Набяры мне, калі ласка, крыху вады збанам і дай мне піць». 11 І яна пайшла, каб набраць [вады], і ён паклікаў да яе, і сказаў: «Прынясі мне яшчэ, калі ласка, лустачку хлеба рукою тваёй». 12 А яна сказала: «Як жывы ГОСПАД, Бог твой, я ня маю сьпечанага [хлеба], толькі жменю мукі ў збане і крыху алею ў гляку. І вось, я назьбіраю крыху дроваў, і пайду, і прыгатую сабе і сыну майму [пасілак], і мы зьямо, і памром». 13 І сказаў ёй Ільля: «Ня бойся, але ідзі і зрабі, як ты казала, толькі перш зрабі для мяне аладку з гэтай [мукі] і прынясі мне. А сабе і сыну твайму зробіш потым. 14 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Мука ў збане ня скончыцца і алею ў гляку ня зьменшыцца аж да дня, у які ГОСПАД дасьць дождж на аблічча зямлі”». 15 І яна пайшла, і зрабіла паводле слова Ільлі, і яна ела, і ён, і дом ейны [шмат] дзён. 16 І мука ў збане ня сканчвалася і алею ў гляку ня меншала паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз Ільлю. 17 І сталася пасьля падзеяў гэтых, што захварэў сын той жанчыны, гаспадыні дому. І хвароба ягоная была вельмі цяжкая, і ён перастаў дыхаць. 18 І сказала яна Ільлі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне беззаконьні мае і забіць сына майго?» 19 А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей ейных, і занёс у верхні пакой, дзе сам жыў, і палажыў яго на ложак свой. 20 І клікаў ён да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няўжо ўдаве, у якой я жыву, Ты робіш ліха, што памірае сын ейны?» 21 І тры разы ён лёг на дзіця, і клікаў да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няхай вернецца душа дзіцяці гэтага ў яго». 22 І выслухаў ГОСПАД голас Ільлі, і вярнулася душа дзіцяці ў яго, і [хлопчык] аджыў. 23 І ўзяў Ільля хлопчыка, і занёс яго з верхняга пакою ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: «Глядзі, жывы сын твой». 24 І жанчына сказала Ільлі: «Цяпер я ведаю, што ты — чалавек Божы, і слова ГОСПАДА ў вуснах тваіх — праўда». |