3 ЦАРСТВАЎ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Вал 16 1 І было слова ГОСПАДА да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы: 2 «За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі, 3 вось, Я вымету рэшткі Баашы і рэшткі дому ягонага і зраблю з домам ягоным тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата. 4 Хто ў Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя». 5 Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 6 І супачыў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны. 7 І зноў было слова ГОСПАДА праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якое ён чыніў у вачах ГОСПАДА, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў так, як дом Ерабаама, які ён выгубіў. 8 У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два [гады]. 9 І слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы, 10 Зімры напаў на яго, і ўдарыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго. 11 І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, ён выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога, хто мочыцца на сьцяну, ані сваякоў, ані сяброў ягоных. 12 І зьнішчыў Зімры ўвесь дом Баашы паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра Баашу праз Егу прарока 13 з прычыны ўсіх грахоў Баашы і грахоў Элы, сына ягонага, якімі яны самі грашылі і якімі ўводзілі ў грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі. 14 А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 15 У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, заваладарыў Зімры на сем дзён у Тырцы, а народ [Ізраіля] разлажыўся табарам каля Гіббэтону, гораду Філістынцаў. 16 І пачуў народ, які разлажыўся табарам, што кажуць: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». І ўвесь Ізраіль, які быў у табары, паставіў у той дзень валадаром Омры, начальніка войска Ізраіля. 17 І выйшаў Омры, і ўвесь Ізраіль з ім, з-пад Гіббэтону і абляглі Тырцу. 18 І сталася, калі Зімры ўбачыў, што горад здабыты, ён увайшоў у вежу дому валадара, і падпаліў дом валадара агнём, і памёр 19 дзеля грахоў сваіх, якімі грашыў, чынячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якія той рабіў і ўводзіў у грэх Ізраіля. 20 Іншыя дзеяньні Зімры, і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 21 Тады народ Ізраіля падзяліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тыўні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а палова — за Омры. 22 І быў мацнейшы народ, які [стаяў] за Омры, чым той, што [стаяў] за Тыўні, сына Гіната. І Тыўні памёр, а валадарыў Омры. 23 У трыццаць першым годзе Асы, валадара Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў. 24 І ён купіў за два таленты срэбра ў Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў гару, і гораду, які пабудаваў, даў імя Самарыяй ад імя Шэмэра, гаспадара гары. 25 І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім. 26 І хадзіў ён усімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі. 27 А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 28 І супачыў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі. А пасьля яго заваладарыў Ахаў, сын ягоны. 29 Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады. 30 І Ахаў, сын Омры, рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, горш за ўсіх, што былі перад ім. 31 Мала яму было хадзіць у грахах Ерабаама, сына Навата, і ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і хадзіў, і служыў Баалу, і пакланяўся яму. 32 І паставіў ён ахвярнік Баалу ў доме Баала, які пабудаваў у Самарыі. 33 І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім. 34 У дні ягоныя Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя, паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна. |