Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

3 ЦАРСТВАЎ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Вал 12

1 І пайшоў Рэхабаам у Сыхэм, бо ў Сыхэм прыйшоў увесь Ізраіль, каб паставіць яго валадаром.

2 І сталася, што пачуў [пра гэта] Ерабаам, сын Навата, а ён яшчэ быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.

3 І паслалі, і паклікалі яго. І прыйшоў Ерабаам і ўся царква Ізраіля, і прамовілі яны да Рэхабаама, кажучы:

4 «Бацька твой узлажыў на нас ярмо цяжкае, а ты цяпер зьменшы цяжкія работы баць­кі твайго і цяжар ярма ягонага, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».

5 І ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І народ адыйшоў.

6 І валадар Рэхабаам раіўся са старшынямі, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, калі ён яшчэ жыў, кажучы: «Якое слова вы параіце мне адказаць народу гэтаму?»

7 І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі сёньня будзеш слугою народу гэтага і прыслу­жышся яму, і адкажаш ім, і прамовіш да іх словы добрыя, будуць яны слугамі тваімі ў-ва ўсе дні».

8 Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны яму далі, і раіўся з юнакамі, якія гадаваліся разам з ім і якія стаялі перад абліччам ягоным.

9 І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму? Бо яны прамовілі да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое ўзлажыў на нас бацька твой”».

10 І прамовілі да яго юнакі, якія разам з ім гадаваліся, кажучы: «Так скажы гэтаму народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшым ярмо нашае”. Так прамоў да іх: “Найменшы палец мой таўшчэйшы за сьцёгны бацькі майго.

11 Бацька мой узлажыў на вас ярмо цяжкае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».

12 І на трэці дзень прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама, як быў ім сказаўшы валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне праз тры дні».

13 І адказаў валадар народу жорстка, бо ён адкінуў параду старшыняў, якую яны яму давалі,

14 а прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Баць­ка мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі».

15 І не паслухаў валадар народу, бо гэта было вызначана ГОС­ПАДАМ, каб споўнілася слова, якое ГОСПАД прамовіў праз Ахію з Шыло Ерабааму, сыну Навата.

16 І ўбачыў увесь Ізраіль, што валадар ня чуе іх, і адказаў народ валадару слова, кажучы: «Якая частка нашая ў Даві­дзе або якая спадчына [нашая] ў сыне Есэя? Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае! Цяпер, Давід, сам глядзі дом твой!» І пайшоў Ізраіль у намёты свае.

17 І Рэхабаам заваладарыў толькі над тымі сынамі Ізраіля, якія жылі ў гарадах Юды.

18 І паслаў валадар Рэхабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю, і ўкаменавалі яго камянямі ўсе Ізраільцяне, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпешліва сеў у калясьніцу, і ўцёк у Ерусалім.

19 І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж да сёньняшняга дня.

20 І пачуў увесь Ізраіль, што вярнуўся Ерабаам, і паслалі, і паклікалі яго да грамады, і паставілі яго валадаром над усім Ізраілем. А пры доме Давіда не засталося нікога, апрача калена Юды.

21 І вярнуўся Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў увесь дом Юды і калена Бэн’яміна, сто восем­дзясят тысячаў выбранцоў, каб пачаць вайну з домам Ізраіля і вярнуць валадарства Рэхабааму, сыну Салямона.

22 І было слова Божае да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:

23 «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэн’яміна, і рэшце народу, кажучы:

24 “Гэта кажа ГОСПАД. Не ідзіце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраіля. Няхай кожны вяртаецца ў дом свой, бо ад Мяне сталася гэта”». І яны паслухаліся слова ГОСПАДА, і вярнуліся, ідучы паводле слова ГОСПАДА.

25 І пабудаваў Ерабаам Сыхэм на гары Эфраіма, і абжыўся там, а [потым] выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.

26 І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер валадарства вернецца да дому Давіда,

27 калі народ гэты будзе ха­дзіць складаць ахвяры ў Доме ГОСПАДА ў Ерусаліме, і вернецца сэрца народу гэтага да гаспадара свайго Рэхабаама, валадара Юды. І яны заб’юць мяне, і вернуцца да Рэхабаама, валадара Юды».

28 І радзіўся валадар, і зрабіў двух залатых быкоў і сказаў [народу]: «Далёка для вас ха­дзіць у Ерусалім! Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».

29 І паставіў аднаго [быка] ў Бэтэлі, а другога паставіў у Дане.

30 І гэта прывяло да грэху, і народ стаў хадзіць перад аблічча аднаго з іх аж у Дан.

31 І паставіў ён сьвятыню на ўзгорку, і паставіў сьвятарамі [звычайных] людзей, якія не былі сынамі Левія.

32 І ўстанавіў Ерабаам сьвята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае да таго сьвята, якое ў Юдзе, і сам узыйшоў да ахвярніка. І зрабіў ён так у Бэтэлі, складаючы ахвяру крывавую быкам, якіх сам зрабіў. І паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.

33 І ўзыйшоў ён да ахвярніка, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які вызначыў паводле [намеру] сэрца свайго, і ўстанавіў сьвята для сыноў Ізраіля. І ўзыйшоў ён да ахвярніка, каб кадзіць.

Сачыце за намі:



Аб'явы