2 ЦАРСТВАЎ 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Сам 24 1 І зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і намовіў [шатан] Давіда супраць [Ізраіля], кажучы: «Ідзі і палічы Ізраіля і Юду». 2 І сказаў валадар Ёаву, начальніку войска, які быў пры ім: «Абыйдзі ўсе калены Ізраіля ад Дану аж да Бээр-Шэвы і палічы народ, каб я ведаў лік народу». 3 І сказаў Ёаў валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, дадасьць столькі, колькі ёсьць, і яшчэ сто разоў столькі, і няхай вочы гаспадара майго, валадара, убачаць гэта! Але навошта, гаспадару мой, валадар, ты захацеў зрабіць гэта?» 4 Але слова валадара было мацнейшым за Ёава і начальнікаў войска. І выйшлі Ёаў і начальнікі войска ад аблічча валадара, каб палічыць народ Ізраіля. 5 І пераправіліся яны праз Ярдан, і разлажыліся табарам у Араэры, на поўдзень ад гораду, які на сярэдзіне лагчыны Гад, у бок Язэру. 6 І пайшлі яны ў Гілеад і ў зямлю Тахтыль-Хадшы, і пайшлі ў Дан-Яан, і павярнулі ў бок Сідону. 7 І прыйшлі яны ў крэпасьць Тыр, і ў-ва ўсе гарады Хівеяў і Хананейцаў, і накіраваліся ў Нэгеў Юды і ў Бээр-Шэву. 8 І абыйшлі яны ўсю зямлю, і праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерусалім. 9 І Ёаў перадаў валадару лік перапісанага народу. І было ў Ізраілі васемсот тысячаў ваяроў, узброеных мячом, а ў Юдзе — пяцьсот тысячаў. 10 І задрыжэла сэрца Давіда пасьля таго, як ён палічыў народ, і сказаў Давід ГОСПАДУ: «Цяжка саграшыў я гэтым учынкам. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу, даруй віну слугі твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў». 11 І ўстаў Давід раніцаю, і было слова ГОСПАДА да прарока Гада, відушчага Давіда, кажучы: 12 «Ідзі і скажы Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры [кары] Я кладу перад табою. Выберы сабе адну з іх, і Я зраблю табе гэта”». 13 І пайшоў Гад да Давіда, і паведаміў яму, і сказаў яму: «Ці будзе панаваць голад тры гады ў зямлі тваёй, або тры месяцы ты будзеш уцякаць перад абліччам ворагаў тваіх, якія будуць перасьледаваць цябе, або тры дні будзе панаваць пошасьць у зямлі тваёй. І цяпер падумай і ўбач, які адказ мне занесьці Таму, Які мяне паслаў». 14 І сказаў Давід Гаду: «Я ў уціску вялікім! Але [лепш] патрапіць у рукі ГОСПАДА, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная, а ў рукі чалавека [лепш] не трапляць!» 15 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля ад раніцы да вызначанага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дану да Бээр-Шэвы семдзясят тысячаў чалавек. 16 І выцягнуў анёл руку сваю на Ерусалім, каб яго зьнішчыць, але ГОСПАД зьлітаваўся дзеля няшчасьця і сказаў анёлу, што нішчыў народ: «Досыць, цяпер спыні руку тваю!» А быў анёл ГОСПАДА каля току Араўны Евусэя. 17 І сказаў Давід ГОСПАДУ, калі ўбачыў анёла, які забіваў народ: «Вось, я саграшыў, я вінаваты, але гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, няхай рука Твая будзе супраць мяне і супраць дому бацькі майго!» 18 У той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Араўны Евусэя». 19 І пайшоў Давід паводле слова Гада, як загадаў ГОСПАД. 20 І глянуў Араўна, і ўбачыў валадара і слугаў ягоных, што ідуць да яго. І выйшаў ён, і пакланіўся валадару абліччам сваім да зямлі, 21 і сказаў Араўна: «Што за прычына, што прыходзіць гаспадар мой, валадар, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Каб купіць у цябе ток і пабудаваць на ім ахвярнік ГОСПАДУ, і тады спыніцца пляга, якая ў народзе». 22 І сказаў Араўна Давіду: «Няхай бярэ гаспадар мой, валадар, і складае ў ахвяру тое, што добрае ў вачах ягоных. Вось, валы на цэласпаленьне, вось, малатарні і ёрмы валовыя на дровы. 23 Усё аддае Араўна валадару валадароў!» І сказаў Араўна валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, мае да цябе ласку!» 24 І сказаў валадар Араўне: «Не! Я, купляючы, куплю за грошы ў цябе і не складу для ГОСПАДА, Бога майго, цэласпаленьне, якое [атрымаў] задарма». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзясят сыкляў срэбра. 25 І пабудаваў Давід там ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў цэласпаленьні і ахвяры мірныя. І зьлітаваўся ГОСПАД над зямлёю, і спыніў плягу для Ізраіля. |