2 ЦАРСТВАЎ 22 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Сам 22 1 І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла. 2 І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой. 3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты вызваліў мяне. 4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду. 5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне, 6 путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне. 7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных. 8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён. 9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго. 10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі. 11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру. 12 І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў. 13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае. 14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой. 15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх. 16 І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго. 17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх, 18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. 19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне. 20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае. 21 І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў, 22 бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго. 23 Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся, 24 Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня. 25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі. 26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны, 27 для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны, 28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш. 29 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю. 30 Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры. 31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею. 32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага? 33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой. 34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне. 35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны. 36 І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне. 37 Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае. 38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх. 39 Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае. 40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне. 41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў. 42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім. 43 Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх. 44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне. 45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне. 46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх. 47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго. 48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною, 49 Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне. 50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць, 51 бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі». |