2 ЦАРСТВАЎ 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Сам 14 1 І зразумеў Ёаў, сын Цэруі, што сэрца валадара [прыхілілася] да Абсалома. 2 І паслаў Ёаў у Тэкоа, і прывёў адтуль мудрую жанчыну, і сказаў ёй: «Удай, што ты ў жалобе і апраніся ў адзеньне жалобнае, і не намашчайся алеем, і будзеш як жанчына, якая шмат дзён у жалобе па памерлым. 3 І пойдзеш ты да валадара, і скажаш яму словы гэтыя». І ўлажыў Ёаў словы ў вусны ейныя. 4 І казала жанчына з Тэкоа валадару, і ўпала на аблічча сваё, і пакланілася [яму], і сказала: «Дапамажы, валадару». 5 І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Я — удава, а муж мой памёр. 6 І мела служка твая двух сыноў, і яны пасварыліся ў полі, і не было [нікога], хто б іх разьвёў, і адзін ударыў другога, і той памёр. 7 І вось, уся сям’я паднялася супраць служкі тваёй, і сказалі: “Аддай забойцу брата, і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якога ён забіў. І зьнішчым спадкаемцу”. І яны затушаць зьнічку маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на абліччы зямлі». 8 І сказаў валадар жанчыне: «Вяртайся ў дом твой, а я загадаю адносна цябе». 9 І жанчына з Тэкоа сказала валадару: «На мне, гаспадару мой, валадар, віна і на доме бацькі майго, а валадар і пасад ягоны не вінаваты». 10 І сказаў валадар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне, і ён ужо ня будзе чапляцца да цябе». 11 І сказала яна: «Узгадай, валадару, на ГОСПАДА, Бога твайго, каб мсьціўца за кроў не павялічваў зьнішчэньне і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД, не спадзе нават волас [з галавы] сына твайго на зямлю». 12 І сказала жанчына: «Ці можа служка твая прамовіць да гаспадара майго, валадара, слова?» Ён сказаў: «Кажы». 13 І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш [рабіць] супраць народу Божага? Бо калі валадар сказаў слова гэтае, ён абвінаваціў сябе, бо валадар не вяртае выгнанца свайго. 14 Бо сьмерцю мы памром, і мы быццам вада, разьлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць. Але Бог ня [хоча] загубіць душу, і Ён думае, каб ня быў на выгнаньні выгнанец. 15 І вось, я прыйшла сказаць гаспадару майму, валадару, слова гэтае, бо гэты народ палохае мяне. І сказала служка твая: “Скажу я валадару, можа, ён выканае слова служкі сваёй. 16 І выслухае валадар, каб вызваліць служку сваю з рукі таго, хто хоча зьнішчыць мяне і сына майго і [пазбавіць] спадчыны Божай”. 17 І сказала служка твая: “Няхай слова гаспадара майго, валадара, суцешыць мяне. Як анёл Божы гаспадар мой, валадар, які выслухае тое, што добрае, і тое, што ліхое”. Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе з табою!» 18 І адказаў валадар, і сказаў жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, пра што я цябе спытаю». І сказала жанчына: «Гавары, гаспадару мой, валадар». 19 І сказаў валадар: «Ці не рука Ёава з табой у-ва ўсіх гэтых [словах]?» І адказала жанчына, і сказала: «Як жывая душа твая, гаспадару мой, валадар! Нельга [ўхіліцца] ані ўправа, ані ўлева ад усяго, пра што кажа гаспадар мой, валадар. Бо слуга твой Ёаў загадаў мне, і ён улажыў у вусны служкі тваёй усе словы гэтыя. 20 Каб прыповесьцю зьмяніць выгляд гэтай справе, слуга твой Ёаў зрабіў гэта, але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што [адбываецца] на зямлі». 21 І сказаў валадар Ёаву: «Вось, калі ласка, зрабі гэтую справу, і ідзі, і прывядзі юнака Абсалома». 22 І Ёаў упаў на аблічча сваё на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў валадара, і сказаў Ёаў: «Сёньня даведаўся слуга твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар, бо выканаў ты слова слугі твайго». 23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гешур, і прывёў Абсалома ў Ерусалім. 24 І сказаў валадар: «Няхай вернецца Абсалом у дом свой, але аблічча майго ён ня ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, але аблічча валадара ня ўбачыў. 25 А прыгажэйшага ад Абсалома не было нікога ў-ва ўсім Ізраілі, які так быў слаўны. Ад ног да галавы не было ў ім заганы. 26 А калі стрыг ён галаву сваю, а стрыг ён яе звычайна штогод, бо [валасы] былі цяжкія, і мусіў стрыгчыся, валасы галавы ягонай важылі дзьвесьце сыкляў вагі валадарскай. 27 І нарадзілася Абсалому тры сыны і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая. 28 І сядзеў Абсалом у Ерусаліме два гады, але аблічча валадара ня бачыў. 29 І паслаў Абсалом да Ёава, каб паслаў яго да валадара, але ён не хацеў прыйсьці да яго. І паслаў ён другі раз, але той не хацеў прыйсьці. 30 І сказаў ён слугам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаў побач з маім, і [расьце] на ім ячмень. Ідзіце і спаліце яго агнём». І слугі Абсалома спалілі поле агнём. 31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў у дом Абсалома, і сказаў: «Чаму слугі твае спалілі поле маё агнём?» 32 І сказаў Абсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў да цябе, кажучы: “Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да валадара, кажучы яму: "Навошта я вярнуўся з Гешуру? Лепш было мне там [жыць]"”. І цяпер [дапамажы]мне ўбачыць аблічча валадара. Калі я ў чым вінаваты, няхай ён заб’е мяне». 33 І пайшоў Ёаў да валадара, і паведаміў яму гэта. І паклікаў ён Абсалома, і той прыйшоў да валадара, і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад абліччам валадара. І пацалаваў валадар Абсалома. |