2 ЦАРСТВАЎ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Сам 11 1 І сталася праз год, у час, калі валадары выходзяць [на войны], Давід выправіў Ёава і слугаў сваіх з ім, і ўсяго Ізраіля, і яны спустошылі сыноў Амона і абляглі Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме. 2 І сталася вечарам, што Давід падняўся з ложку свайго і шпацыраваў на даху дома валадарскага. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася, а жанчына была вельмі прыгожая. 3 І валадар паслаў выведаць, што гэта за жанчына. І сказалі яму, што гэта Батшэва, дачка Эліяма, жонка Урыі Хета. 4 І паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе. І яна пайшла да яго, і ён спаў з ёю. І яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, і вярнулася ў дом свой. 5 І зачала тая жанчына, і паслала яна, і паведаміла валадару, і сказала: «Я цяжарная». 6 І паслаў Давід да Ёава: «Пашлі да мяне Урыю Хета». І паслаў Ёаў Урыю Хета да Давіда. 7 І прыйшоў Урыя да [Давіда], і Давід спытаўся пра справы Ёава і народу, і пра падзеі вайны. 8 І сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой, і памый ногі твае». І выйшаў Урыя з дому валадарскага, а за ім панесьлі яму стравы ад валадара. 9 Але Урыя лёг спаць пры дзьвярах дому валадара з усімі слугамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой. 10 І паведамілі Давіду, кажучы: «Урыя не пайшоў у дом свой». І сказаў Давід Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом твой?» 11 І сказаў Урыя Давіду: «Каўчэг, Ізраіль і Юда жывуць у буданах, і гаспадар мой Ёаў, і слугі гаспадара майго разлажыліся табарам на абліччы поля, а я пайду ў дом свой есьці і піць, і спаць з жонкай? Як жывы ты і як жывая душа твая, гэтага я не зраблю» 12 І сказаў Давід Урыі: «Застанься тут сёньня, а заўтра я адпушчу цябе». І застаўся Урыя ў Ерусаліме на той дзень, і на другі. 13 І паклікаў яго Давід, і ён еў перад абліччам ягоным, і піў, і напаіў яго. І выйшаў ён увечары, і спаў на посьцілцы сваёй між слугаў гаспадара свайго, а ў дом свой не пайшоў. 14 І раніцаю напісаў Давід ліст да Ёава, і паслаў праз Урыю. 15 А ў лісьце ён напісаў, кажучы: «Пастаўце Урыю там, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыйдзіцеся ад яго, каб быў ён паранены і загінуў». 16 І Ёаў агледзеў горад, і паставіў Урыю ў месцы, пра якое ведаў, што там ваяры адважныя. 17 І выйшлі з гораду людзі, і ваявалі супраць Ёава. І былі забітыя ў народзе слугі Давіда, і загінуў таксама Урыя Хет. 18 І паслаў Ёаў паведаміць Давіду ўсе падзеі бою гэтага. 19 І загадаў ён весьніку, кажучы: «Калі ты скончыш расказваць валадару пра ўсе падзеі бою гэтага, 20 і ўбачыш, што валадар разгневаўся, і ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі ваяваць? Ці вы ня ведалі, што з муроў будуць страляць у вас? 21 Хто забіў Абімэлеха, сына Еруббаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з муру камень млынавы, і ён памёр у Тэбэцы? Чаму вы падыходзілі пад мур?” І ты скажы: “Слуга твой Урыя Хет згінуў таксама”». 22 І пайшоў пасланец, і прыйшоў, і паведаміў Давіду ўсё, з чым паслаў яго Ёаў. 23 І сказаў пасланец Давіду: «Яны мелі перавагу над намі, і яны выйшлі супраць нас у поле, але мы змагаліся з імі аж да брамы [гораду]. 24 І лучнікі стралялі ў слугаў тваіх стрэламі з муру, і загінулі слугі валадара, і слуга твой Урыя Хет загінуў таксама». 25 І сказаў Давід пасланцу: «Так скажы Ёаву: “Няхай ня будзе ў вачах тваіх тое, што сталася, бо меч дасягае раз таго, другі раз іншага. Будзь мужны ў вайне супраць гораду і зьнішчы яго”. І ты падбадзёр яго». 26 І пачула жонка Урыі, што загінуў Урыя, муж ейны, і плакала па чалавеку сваім. 27 Пасьля заканчэньня жалобы паслаў Давід, і ўзяў яе ў дом свой, і сталася яна жонкай ягонай, і нарадзіла яму сына. Але была кепскай у вачах ГОСПАДА справа гэтая, якую ўчыніў Давід. |