Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЛЕТАПІСАЎ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


2 Лет 4

1 І зрабіў ахвярнік мядзяны: дваццаць локцяў даўжыня ягоная, і дваццаць локцяў шырыня ягоная, і дзесяць локцяў вышыня ягоная.

2 І зрабіў мора адліванае, дзесяць локцяў ад берагу яго да берагу яго, усё круглае, у вышыню пяць локцяў; і шнур у трыццаць локцяў атачаў яго наўкола.

3 І пад ім падабенствы валоў стаялі наўкола з усіх бакоў; на дзесяць локцяў атачалі мора навокал два шэрагі валоў, адлітых пры адліваньні яго.

4 Стаяла яно на дваццаці валах: тры зьвернутыя на поўнач, тры зьвернутыя на захад, тры зьвернутыя на поўдзень, тры зьвернутыя на ўсход, і мора на іх зьверху; а азадкі іхнія [зьвернуты] ў сярэдзіну.

5 І таўшчыня ягоная — у далонь, і берагі ягоныя — як берагі келіха, як кветкі лілеі. Яно зьмяшчала і ўтрымлівала тры тысячы батаў.

6 І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і паставіў пяць з правага боку і пяць — з левага, для абмываньня ў іх, бо падрыхтаванае на цэласпаленьне паласкалі ў іх; а мора — для сьвятароў, каб яны абмываліся ў ім.

7 І зрабіў дзесяць залатых сьвечнікаў, паводле пастановы, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага.

8 І зрабіў дзесяць сталоў, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага, і зрабіў сто місаў залатых.

9 І зрабіў панадворак сьвятарскі, і вялікі панадворак, і дзьверы ў панадворак, і ашаляваў дзьверы медзьдзю.

10 І паставіў мора з правага боку на ўсходзе, насупраць паўднёвага боку.

11 І зрабіў Хурам гаршчкі, лапаткі і місы. І скончыў Хурам рабіць працу, якую ён рабіў для валадара Салямона ў Доме Божым:

12 два слупы і кулі, і галавіцы на версе двух слупоў, і два сплеціва, каб накрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на версе слупоў,

13 і чатырыста яблыкаў гранатовых на двух сплецівах, два шэрагі яблыкаў гранатовых на кожным сплеціве, каб пакрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на слупах.

14 І падставы зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падставах,

15 адно мора, і дванаццаць валоў пад ім.

16 І гаршчкі, і лапаткі, і відэльцы, і ўсе начыньні зрабіў Хурам-Абія для валадара Салямона ў Доме ГОСПАДА, з зыркай медзі.

17 У ваколіцах Ярдану адліваў іх валадар, у густой зямлі, паміж Сукотам і Цэрэдаю.

18 І зрабіў Салямон усе начыньні гэтыя ў вялікім мностве, што не даведваліся вагі медзі.

19 І зрабіў Салямон усе рэчы Дому Божага: і ахвярнік залаты, і сталы, і на іх хлябы пакладныя,

20 і сьвечнікі, і лямпы для запальваньня іх паводле пастановы перад Давірам — са шчырага золата;

21 і кветкі, і лямпы, і абцужкі залатыя, з найчысьцейшага золата,

22 і нажніцы, і місы, і крапільніцы, і кадзільніцы са шчырага золата; і ўваход у Дом, унутраныя дзьверы ягоныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы Дому сьвятыні — з золата.

Сачыце за намі:



Аб'явы