2 ЛЕТАПІСАЎ 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Лет 27 1 Дваццаць пяць гадоў [было] Ётаму, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока. 2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Узія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у сьвятыню ГОСПАДА, а народ яшчэ ліхадзейнічаў. 3 Ён пабудаваў верхнюю браму Дому ГОСПАДА, і шмат пабудаваў на муры Афэла. 4 І ён пабудаваў гарады на гары Юды, і ў лясах паставіў крэпасьці і вежы. 5 І ён ваяваў з валадаром сыноў Амона, і перамог іх; і далі яму сыны Амона ў той год сто талентаў срэбра, і дзесяць тысячаў кораў пшаніцы, і ячменю дзесяць тысячаў [кораў]. Гэта давалі ізноў яму сыны Амона і на другі год, і на трэці. 6 І стаў моцным Ётам, бо ён падрыхтаваў шляхі свае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго. 7 А іншыя дзеяньні Ётама, і ўсе войны ягоныя, і шляхі ягоныя запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды. 8 Дваццаць пяць гадоў [было] яму, калі пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. 9 І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І пачаў валадарыць Ахаз, сын ягоны, пасьля яго. |