Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЛЕТАПІСАЎ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


2 Лет 17

1 І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго; і ён умацаваўся супраць Ізраіля.

2 І паставіў ён войска ў-ва ўсіх гарадах Юды, і паставіў залогі ў зямлі Юды і ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька ягоны.

3 І быў ГОСПАД з Язафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не шукаў Баалаў,

4 бо ён шукаў Бога бацькі свайго, і хадзіў паводле прыказаньняў Ягоных, а не паводле ўчынкаў Ізраіля.

5 І ўмацаваў ГОСПАД валадарства ў руцэ ягонай, і даваў увесь Юда дары Язафату, і было ў яго шмат багацьця і славы.

6 І ўзьнялося сэрца ягонае на шляхах ГОСПАДА; і ён таксама прыбраў узгоркі і Астартаў у Юдзе.

7 А ў трэці год валадараньня свайго ён паслаў князёў сваіх: Бэнхаіла, Абадыю, Захарыю, Натанаэля і Міхаю, каб яны вучылі ў гарадах Юды.

8 І з імі лявітаў: Шэмаю, Нэтанію, Зэвадыю, Асаэля, Шэмірамота, Еганатана, Адонію, Товію і Тоў-Адонію, лявітаў, і з імі Элішаму і Егарама, сьвятароў.

9 І яны вучылі ў Юдзе, і з імі [была] кніга Закону ГОСПАДА; і абыходзілі яны ўсе гарады Юды, і навучалі ў іх.

10 І быў страх ГОСПАДА на ўсіх валадарствах земляў, якія навокал Юды, і не ваявалі з Язафатам.

11 І ад Філістынцаў прыносілі Язафату дары і срэбра як даніну; таксама Арабы прыганялі да яго авечак, бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот.

12 І ўзьвялічыўся Язафат надзвычайна, і пабудаваў ён у Юдзе крэпасьці і гарады сьвірнаў.

13 Шмат было ў яго працаўнікоў у гарадах Юды, і людзей вайсковых, ваяроў мужных у Ерусаліме.

14 І вось попіс іхні паводле дамоў бацькоў іхніх. У Юды князі тысячаў: Адна, князь, і з ім трыста тысячаў ваяроў мужных;

15 і пры руцэ ягонай Егаханан, князь, і з ім дзьвесьце восемдзясят тысячаў;

16 і пры руцэ ягонай Амасія, сын Зіхры, які прысьвяціў сябе ГОСПАДУ, і з ім дзьвесьце тысячаў ваяроў мужных.

17 У Бэн’яміна: ваяр мужны Эліяда, і з ім узброеных лукам і шчытом дзьвесьце тысячаў;

18 і пры руцэ ягонай Егазавад, і з ім сто восемдзясят тысячаў узброенага войска.

19 Гэта тыя, якія служылі пры валадары, акрамя тых, якіх валадар паставіў у гарадах умацаваных у-ва ўсім Юдзе.

Сачыце за намі:



Аб'явы