2 КАРЫНФЯНАЎ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Кар 8 1 Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, якая дадзеная цэрквам Македоніі, 2 бо ў вялікім выпрабаваньні прыгнётам у іх багата радасьці, і ў глыбокай убогасьці іхняй памнажаецца багацьце іхняй шчырасьці, 3 бо яны маюць добрую ахвоту па сілах і звыш сілы, я сьведчу гэта. 4 Са шматлікімі просьбамі яны прасілі нас прыняць ласку і супольнасьць служэньня для сьвятых; 5 ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе спачатку Госпаду, і нам паводле волі Божай. 6 Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і зьдзейсьніў у вас і гэтую ласку. 7 А як вы багатыя ўсім: вераю, і словам, і веданьнем, і ўсякай дбайнасьцю, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце шчодра. 8 Кажу гэта не як загад, але дбайнасьцю іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові. 9 Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам узбагаціліся. 10 І я даю ў гэтым параду, бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але і хацець пачалі з леташняга году. 11 А цяпер зьдзейсьніце справу, каб, як з ахвотаю хацелі, гэтак і зьдзейсьнілі паводле магчымасьці. 12 Бо, калі была раней ахвота, яна адпаведная паводле таго, як хто мае, а не паводле таго, як ня мае. 13 Бо не на тое, каб другім была палёгка, а вам прыгнёт, але каб была роўнасьць. 14 У цяперашні час ваш лішак дзеля іх нястачы, каб і іхні лішак стаўся дзеля вашае нястачы, каб была роўнасьць, 15 як напісана: «Хто [сабраў] шмат, ня меў лішку; і хто мала, ня меў нястачы». 16 Дзякуй Богу, Які даў у сэрцы Ціта гэткую дбайнасьць адносна вас, 17 бо ён і просьбу прыняў, і з вялікай дбайнасьцю сваёй ахвотай пайшоў да вас. 18 А з ім паслалі мы брата, якога хваляць за Эвангельле ў-ва ўсіх цэрквах. 19 І ня толькі гэта, але ён і рукапакладзены ад цэркваў спадарожнік наш з тою ласкаю, якою мы служым на славу Самога Госпада і паводле вашае ахвоты, 20 высьцерагаючыся, каб ня ганіў нас хто за гэткае мноства [служэньняў], якімі мы служым, 21 бо мы дбаем пра добрае ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. 22 Дык мы паслалі з імі брата нашага, якога дбайнасьць мы часта выпрабоўвалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікай пэўнасьці адносна вас. 23 Што да Ціта, гэта мой супольнік і ваш супрацоўнік; а што да братоў нашых, яны — пасланцы цэркваў, слава Хрыста. 24 Дык перад абліччам цэркваў зьявіце ім доказ любові вашай і пахвалы нашае адносна вас. |