Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 КАРЫНФЯНАЎ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


2 Кар 6

1 І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма была атрыманая вамі.

2 Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня!

3 Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня ганілася служэньне,

4 але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках,

5 у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах,

6 у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай,

7 у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ,

8 у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя,

9 як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забіваныя;

10 як засмучаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем.

11 Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася.

12 Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.

13 Дзеля гэткае ж платы кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы.

14 Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю?

15 А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным?

16 Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».

17 Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас».

18 «І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».

Сачыце за намі:



Аб'явы