1 ЯНА 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Ян 3 1 Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае вас, што не пазнаў Яго. 2 Улюбёныя! Мы цяпер дзеці Божыя, і яшчэ ня выявілася, што мы будзем, а ведаем, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць. 3 І ўсякі, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты. 4 Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне. 5 І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху. 6 Усякі, хто ў Ім застаецца, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго. 7 Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чыніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны. 8 Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьнішчыць справы д’ябла. 9 Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, таму што насеньне Ягонае застаецца ў ім, і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога. 10 Дзеці Божыя і дзеці д'яблавы выяўляюцца гэтак: усякі, хто ня робіць праведнасьць, ня ёсьць ад Бога, і той, хто ня любіць брата свайго. 11 Бо гэткая ёсьць вестка, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. 12 Ня гэтак, як Каін, што быў ад злога і замардаваў брата свайго. І дзеля чаго замардаваў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а брата ягонага — праведныя. 13 Не зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас. 14 Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці. 15 Усякі, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць чалавеказабойца; і вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім застаецца. 16 У гэтым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю; і мы павінны пакладаць душы свае за братоў. 17 А хто мае маёмасьць у сьвеце, і бачыць брата свайго ў патрэбе, і зачыняе ад яго нутро сваё, дык як любоў Божая застаецца ў ім? 18 Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але ўчынкам і праўдаю! 19 І з гэтага даведаемся, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя. 20 Бо калі сэрца нас дакарае, дык Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. 21 Улюбёныя! Калі сэрца нашае не дакарае нас, мы маем адвагу перад Богам, 22 і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказаньні Ягоныя і тое, што падабаецца [Яму], робім перад Ім. 23 І гэткае прыказаньне Яго, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне. 24 І хто захоўвае прыказаньні Ягоныя, той застаецца ў Ім, і Ён у тым. І што Ён застаецца ў нас, даведваемся паводле Духа, Якога Ён нам даў. |