1 ЯНА 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Ян 1 1 Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі вачыма нашымі, што разглядалі і да чаго дакраналіся рукі нашыя, пра Слова жыцьця. 2 І жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і зьявілася нам. 3 Што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі супольнасьць з намі; а нашая супольнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом. 4 І гэтае пішам вам, каб радасьць вашая была поўная. 5 І вось тое абяцаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам, — Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры. 6 Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, і ходзім у цемры, хлусім і ня робім праўды. 7 А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху. 8 Калі кажам, што ня маем грэху, падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас. 9 Калі вызнаем грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці. 10 Калі кажам, што мы не грашым, робім хлусам Яго, і слова Ягонага няма ў нас. |