1 ЦАРСТВАЎ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Сам 8 1 Калі Самуэль пастарэў, ён паставіў судзьдзямі Ізраіля сыноў сваіх. 2 Першародны сын ягоны называўся Ёэль, а імя другога было Абія. Судзілі яны Ізраіля ў Бээр-Шэве. 3 І не хадзілі сыны ягоныя шляхамі ягонымі, але паддаліся хцівасьці, і бралі хабары, і фальшавалі суд. 4 І сабраліся ўсе старшыні Ізраіля, і пайшлі да Самуэля ў Раму. 5 І сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі. Дык пастаў нам цяпер валадара, каб ён судзіў нас, як [маюць гэта] ўсе народы». 6 І ліхім было слова гэтае ў вачах Самуэля, што яны казалі: «Дай нам валадара, каб ён судзіў нас». І маліўся Самуэль да ГОСПАДА. 7 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Паслухай голас народу ў-ва ўсім, што яны просяць цябе, бо не ад цябе адварочваюцца яны, але ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі. 8 Як хадзілі яны з таго дня, калі Я вывеў іх з Эгіпту, і аж да сёньняшняга дня, пакідаючы Мяне і служачы багам чужым, таксама робяць і табе. 9 Дык цяпер выслухай просьбу іхнюю, толькі папярэдзь іх і патлумач ім пастановы адносна валадара, які мае над імі валадарыць». 10 І Самуэль пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА, бо народ прасіў у яго валадара. 11 Ён сказаў: «Такія пастановы адносна валадара, які будзе валадарыць над вамі. Ён возьме сыноў вашых і пасадзіць іх у калясьніцы свае і на коней сваіх, і яны будуць імчаць перад калясьніцай ягонай. 12 І паставіць іх тысячнікамі, і пяцідзясятнікамі, і аратымі ральлі ягонай, і жняцамі ніваў ягоных, кавалямі зброі ягонай і калясьніцаў ягоных. 13 Дочак вашых ён зробіць варыцелькамі пахошчаў, кухаркамі і пекаркамі. 14 І забярэ ён у вас найлепшыя землі вашыя, вінаграднікі і сады аліўкавыя, і падорыць іх слугам сваім. 15 Нівы вашыя і вінаграднікі абцяжарыць дзесяцінай, і аддасьць яе эўнухам сваім і слугам сваім. 16 Возьме таксама слугаў вашых і служак вашых, найлепшых валоў вашых і аслоў вашых, і выкарыстае іх дзеля працы сваёй. 17 І абложыць ён дзесяцінай авечак вашых, і будзеце вы ў яго слугамі. 18 І будзеце наракаць у той дзень на валадара вашага, якога выбралі сабе, але ГОСПАД ня выслухае вас у той дзень». 19 І не хацеў народ слухаць голас Самуэля, і казалі яны: «Ніякім чынам! Няхай валадар будзе над намі, 20 і будзем мы жыць, як жывуць усе народы. Валадар наш будзе судзіць нас, і будзе ачольваць нас, і будзе выходзіць перад абліччам нашым на бой у войнах нашых». 21 І выслухаў Самуэль усе словы народу, і пераказаў іх у вушы ГОСПАДУ. 22 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Выслухай просьбу іхнюю і пастаў над імі валадара». І сказаў Самуэль людзям Ізраіля: «Варочайцеся кожны ў горад свой». |