1 ЦАРСТВАЎ 31 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Сам 31 1 А Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і Ізраільцяне пабеглі ад Філістынцаў, і падалі забітыя на ўзгорышчы Гільбоа. 2 І дагналі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла. 3 І бой ішоў толькі каля Саўла. І знайшлі яго лучнікі, і ён быў моцна паранены лучнікамі. 4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Вазьмі меч твой, і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне самі, і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не хацеў гэтага зрабіць, бо вельмі баяўся. І Саўл узяў меч, і кінуўся на яго. 5 І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і таксама кінуўся на меч свой, і разам з ім памёр. 6 У той дзень загінулі разам Саўл і тры сыны ягоныя, і збраяносец ягоны, і ўсе людзі ягоныя. 7 І ўбачылі Ізраільцяне, што жылі на другім баку раўніны і на тым баку Ярдану, што войска Ізраіля ўцякло і што загінулі Саўл і сыны ягоныя, і яны пакінулі гарады свае, і паўцякалі. І прыйшлі Філістынцы, і абжыліся ў іх. 8 Назаўтра прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, што ляжалі на ўзгорышчы Гільбоа. 9 І адсеклі яны галаву ягоную, і забралі зброю ягоную, і па ўсёй зямлі Філістынскай паслалі весьнікаў, каб абвясьціць у доме ідалаў сваіх і народу. 10 І палажылі яны зброю ягоную ў доме Астарты, а цела ягонае павесілі на муры Бэт-Шэану. 11 І пачулі жыхары Ябэшу Гілеадзкага пра тое, што Філістынцы ўчынілі з Саўлам, 12 і ўсталі ўсе ваяры мужныя, і ішлі ўсю ноч, і зьнялі цела Саўла і целы сыноў ягоных з муру Бэт-Шэану, і прынесьлі іх у Ябэш, і спалілі іх там. 13 І ўзялі яны косткі іхнія, і пахавалі пад тамарыскам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён. |