1 ЦАРСТВАЎ 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Сам 24 1 І пайшоў Давід адтуль, і абжыўся ў месцах умацаваных у Эн-Гэдзі. 2 І калі вярнуўся Саўл з вайны з Філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гэдзі». 3 І Саўл узяў тры тысячы ваяроў, выбранцоў з усяго Ізраіля, і пайшоў, каб шукаць Давіда і людзей ягоных на ўсходнім баку скалаў Дзікіх Козаў. 4 І прыйшоў ён да загарадак авечых пры дарозе, і была там пячора. І ўвайшоў Саўл туды, каб накрыць ногі свае, а Давід і людзі ягоныя хаваліся ў пячоры. 5 І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Вось дзень, пра які казаў табе ГОСПАД: “Вось, Я даю ў рукі твае ворага твайго і зробіш з ім тое, што добра ў вачах тваіх”». І ўстаў Давід, і адрэзаў цішком крысо плашча Саўла. 6 Але потым задрыжэла сэрца Давіда, што ён адрэзаў крысо плашча Саўла, 7 і ён сказаў людзям сваім: «Няхай даруе мне ГОСПАД, каб я зрабіў такую рэч гаспадару майму, памазанцу ГОСПАДАВУ, каб выцягнуў руку маю на яго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ». 8 І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім, каб яны напалі на Саўла. А Саўл устаў, і выйшаў з пячоры, і працягваў шлях свой. 9 І ўстаў пасьля гэтага Давід, і выйшаў з пячоры, і закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, валадар!» І глянуў Саўл назад, а Давід упаў абліччам на зямлю і пакланіўся яму, 10 І сказаў Давід Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”? 11 Вось, сёньня бачаць вочы твае, што ГОСПАД выдаў цябе ў пячоры ў рукі мае. І гаварылі мне, каб я забіў цябе, але я пашкадаваў цябе, і сказаў: “Ня выцягну рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ”. 12 Дык пабач, бацька мой, крысо плашча твайго ў руцэ маёй, бо я адрэзаў крысо плашча твайго і не забіў цябе. І даведайся, і пабач, што няма ў руцэ маёй ані зла, ані бунту, і не саграшыў я супраць цябе. А ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе. 13 Няхай судзіць ГОСПАД мяне і цябе, і няхай адпомсьціць ГОСПАД табе за мяне, але ня будзе рукі маёй супраць цябе. 14 Як кажа прыказка старадаўняя: “Ад ліхіх ліха паходзіць”. Але рука мая ня будзе супраць цябе. 15 Каго гоніць валадар Ізраіля? Каго ты перасьледуеш? Сабаку здохлага і адну блыху? 16 Няхай ГОСПАД будзе судзьдзёю і судзіць мяне і цябе. Няхай убачыць і разьбярэ справу маю? і вырве мяне з рукі тваёй». 17 І скончыў Давід казаць словы гэтыя да Саўла, і Саўл сказаў: «Ці ж гэта голас твой, сыне мой Давід?» І ўзьняў Саўл голас свой, і заплакаў. 18 І сказаў ён Давіду: «Ты больш праведны, чым я. Бо ты адплочваеш мне дабром, а я адплочваю табе ліхам. 19 І ты засьведчыў сёньня, што ты робіш дабро да мяне, бо калі ГОСПАД выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне. 20 Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусьціў бы яго ў добрую дарогу? Няхай ГОСПАД узнагародзіць цябе дабром за тое, што ты сёньня зрабіў адносна мяне. 21 Вось, я цяпер ведаю, што ты будзеш валадаром, і будзеш мець у руках сваіх валадарства Ізраіля. 22 І цяпер прысягні мне на ГОСПАДА, што ня зьнішчыш насеньне маё пасьля мяне і не сатрэш імя майго з дому бацькі майго». 23 І Давід прысягнуў Саўлу. І вярнуўся Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя пайшлі ў месца ўмацаванае. |