Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Сам 20

1 А Давід уцёк з Наёту каля Рамы, і пайшоў да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я саграшыў адносна бацькі твайго, што ён цікуе на душу маю?»

2 [Ёнатан] сказаў яму: «Няхай будзе гэта далёка [ад цябе], ты не памрэш. Вось, бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною. Навошта такую рэч ён хаваў бы перада мною? Ня будзе гэтага».

3 Але Давід запрысягся яшчэ і сказаў: «Ведаючы, ведае бацька твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, і ён сказаў: “Няхай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў”. Але як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, толькі адзін крок [аддзяляе] мяне ад сьмерці».

4 І сказаў Ёнатан Давіду: «Што толькі скажа душа твая, я зраблю табе».

5 І сказаў Давід Ёнатану: «Вось, маладзік, і я павінен сядзець каля валадара на банкеце. Дык дазволь мне, і я схаваюся ў полі аж да трэцяга вечара.

6 Калі спытаецца бацька твой пра мяне, скажы: “Прасіў мяне Давід, каб заскочыць у Бэтлеем, горад свой, бо ўся сям’я ягоная складае там ахвяру штогадовую”.

7 Калі ён скажа: “Добра”, будзе тады супакой слузе твайму, а калі разгневаецца, ведай, што [нешта] ліхое ён вырашыў зрабіць.

8 Дык зьяві міласэрнасьць слузе твайму, бо ты заключыў запавет ГОСПАДА са слугою тваім. Калі я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».

9 І сказаў Ёнатан: «Далёка гэта ад цябе! Калі даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе ліхое, ці ж я табе пра гэта не паведамлю?»

10 І сказаў Давід Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой жорстка адкажа табе?»

11 І сказаў Ёнатан Давіду: «Хадзем, выйдзем у поле». І выйшлі яны абодва ў поле,

12 і сказаў Ёнатан Давіду: «[Сведка] ГОСПАД, Бог Ізраіля, што заўтра або пасьлязаўтра я даведаюся ў бацькі свайго, і калі што добрае будзе адносна Давіда, а я не пашлю да цябе і не паведамлю ў вушы твае,

13 няхай ГОСПАД гэтае зло зробіць Ёнатанату і тое да­дасьць. А калі задумае ліхое бацька мой супраць цябе, пра гэта я паведамлю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і ты пойдзеш у супакоі. І няхай ГОСПАД бу­дзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.

14 І калі я яшчэ буду жыць, ты зьявіш мне міласэрнасьць ГОСПАДА, і я не памру.

15 І ты не спыняй міласэрнасьці сваёй адносна дому майго на вякі, нават тады, калі ГОСПАД прыбярэ ворагаў Давіда з аблічча зямлі».

16 І заключыў Ёнатан [запавет] з домам Давіда, [кажучы]: «Няхай ГОСПАД шукае [адказ за душы] з рук ворагаў Давіда».

17 І яшчэ раз Ёнатан запрысяг Давіду любоў сваю, бо ён палюбіў яго, як душу сваю.

18 І сказаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і будуць цябе шукаць, бо месца тваё будзе пустым.

19 Таму на трэці дзень ты зый­дзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і затрымайся каля камяня Эзэл.

20 А я пушчу ў бок ягоны тры стралы, нібы страляючы ў метку.

21 І вось, я пашлю юнака: “Ідзі і знайдзі стрэлы”. Калі скажу юнаку: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога [кепскага], як жывы ГОСПАД.

22 А калі скажу хлопцу: “Стрэ­лы за табой”, ты ўцякай, бо ГОСПАД пасылае цябе [далёка].

23 А ў слове, якое мы сказалі, я і ты, няхай ГОСПАД будзе між мною і табой на вякі».

24 І схаваўся Давід у полі. І надыйшоў маладзік, і валадар банкетаваў пры стале.

25 І, як звычайна, сядзеў валадар на пасадзе сваім каля сьця­ны, а Ёнатан насупраць, і Абнэр сядзеў каля Саўла, і заўважылі, што месца Давіда [пустое].

26 І нічога не сказаў Саўл у той дзень, бо ён сказаў: «Можа, што здарылася. Хіба ён нячысты, бо не ачысьціўся».

27 Але назаўтра, на другі дзень маладзіка, заўважылі, што месца Давіда зноў пустое, і сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму: «Чаму сын Есэя не прыйшоў на банкет ані ўчора, ані сёньня?»

28 І адказаў Ёнатан Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне [адпусьціць] яго ў Бэтлеем.

29 Ён казаў: “Адпусьці мяне, бо сям'я мая ў горадзе складае ахвяру, і брат мой запрасіў мяне, і калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я пайду і наведаю братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён на банкет валадара».

30 І ўзлаваўся Саўл на Ёнатана, і сказаў яму: «Ты, сын жанчыны здрадлівай, ці ж я ня ведаю, што ты любіш сына Есэя на ганьбу тваю і на ганьбу маці тваёй.

31 Як доўга будуць дні жыцьця на зямлі сына Есэя, ня будзеш у бясьпецы ані ты, ані валадараньне тваё. Дык цяпер пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён павінен памерці».

32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»

33 І кінуў Саўл у яго дзіду, каб забіць яго, і зразумеў Ёнатан, што бацька ягоны вырашыў забіць Давіда.

34 І падняўся Ёнатан ад стала поўны гневу, і ня еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, і што бацька ягоны зьняважыў [таксама] яго.

35 І сталася раніцаю, пайшоў Ёнатан у поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім юнак.

36 І сказаў ён юнаку свайму: «Бяжы і знайдзі стрэлы, якія я пушчу». І калі юнак пабег, ён пусьціў стралу цераз юнака.

37 І пайшоў юнак да месца стралы, якую пусьціў Ёнатан, а Ёнатан крыкнуў за ім і сказаў: «Страла далей за табою».

38 І закрычаў Ёнатан ззаду за юнаком: «Падымі хутчэй, ня стой там!» І сабраў юнак стрэлы Ёнатана, і прыйшоў да гаспадара свайго.

39 І не разумеў юнак анічога. Толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.

40 І аддаў Ёнатан зброю сваю юнаку, і сказаў яму: «Ідзі і занясі ў горад».

41 І калі пайшоў юнак, устаў Давід з паўднёвага боку, і ўпаў абліччам сваім на зямлю, і тры разы пакланіўся. І пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.

42 І сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі, бо мы прысягнулі абодва ў імя ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД будзе між мною і табой, і паміж насеньнем маім і насеньнем тваім на вякі”».

Сачыце за намі:



Аб'явы